падару́нак, -нка, мн. -нкі, -нкаў, м.
Рэч, якую дораць, падарылі.
Зрабіць п.
Атрымаць п.
|| памянш. падару́начак, -чка, мн. -чкі, -чкаў, м.
|| прым. падару́нкавы, -ая, -ае.
падасі́навік, -а, мн. -і, -аў, м.
Ядомы грыб з чырванавата-жоўтай шапкай.
падасла́ць¹, -дашлю́, -дашле́ш, -дашле́; -дашлём, -дашляце́, -дашлю́ць; -дашлі́; -дасла́ны; зак., каго (што).
1. Паслаць з тайнай мэтай.
П. шпіёна.
2. Прыслаць (у 2 знач.; разм.).
П. фурманку.
|| незак. падсыла́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.
|| наз. падсы́лка, -і, ДМ -лцы, мн. -і, -лак, ж. і падсыла́нне, -я, н.
падасла́ць², падсцялю́, падсце́леш, падсце́ле; падсцялі́; падасла́ны; зак., што.
Паслаць пад што-н.
П. пярыну.
|| незак. падсціла́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.
|| наз. по́дсціл, -у, м., падсці́лка, -і, ДМ -лцы, ж. і падсціла́нне, -я, н.
падасно́ва, -ы, ж.
Сапраўдная прычына, аснова чаго-н.
Сацыяльная п. з’явы.
падаспе́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е; зак.
Паспець з’явіцца (у час, у патрэбны момант).
Хутка падаспела падмога.
падастава́ць, -стаю́, -стае́ш, -стае́; -стаём, -стаяце́, -стаю́ць; зак., што.
1. Дастаць, выцягнуць усё, многае або вялікую колькасць чаго-н.
П. кнігі з шафы.
2. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Выняць што-н. схаванае — пра ўсіх, многіх.
Касцы падаставалі сваю перакуску і пачалі есці.
3. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Раздабыць што-н. — пра ўсіх, многіх.
Дзе яны падаставалі такія ракеткі?
падасыпа́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; -а́ны; зак., што і чаго.
Дасыпаць да якога-н. узроўню ўсё, многае або дасыпаць якую-н. колькасць чаго-н. ва ўсё, многае.
П. мяшкі збожжам.
пада́так, -тку, мн. -ткі, -ткаў, м.
Дзяржаўны збор з насельніцтва і прадпрыемстваў.
Падаходны п.
Браць п.
Абкладаць падаткам.
|| прым. пада́ткавы, -ая, -ае.