Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Прадмова Скарачэнні

карпара́цыя, -і, мн. -і, -цый, ж.

1. Група асоб, аб’яднаных прафесійнымі або саслоўнымі інтарэсамі.

Радыёвяшчальная к.

2. Адна з форм манапалістычнага аб’яднання.

|| прым. карпарацы́йны, -ая, -ае.

Карпарацыйныя інтарэсы.

карпатлі́вы, -ая, -ае.

1. Старанны, руплівы, дбайны.

К. супрацоўнік.

2. Які патрабуе шмат увагі, стараннасці, цярплівасці.

Карпатлівая праца.

|| наз. карпатлі́васць, -і, ж.

карпа́цца гл. корпацца.

карпа́ць гл. корпаць.

карпа́ч, -а́, мн. -ы́, -о́ў, м. (разм., зневаж.) Той, хто марудна робіць якую-н. работу.

карпе́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е; незак. (разм.).

1. над чым і без дап. Старанна, цярпліва і доўга займацца чым-н.

К. над рукапісам.

2. перан. Жыць у пакутах, цяжкіх умовах.

Вось так карпею ўсё жыццё.

карпусны́ гл. корпус.

карса́р, -а, мн. -ы, -аў, м.

Марскі разбойнік, пірат.

|| прым. карса́рскі, -ая, -ае.

карст, -у, М -сце, м. (спец.).

Сукупнасць з’яў, звязаных з растварэннем прыроднымі водамі горных парод і ўтварэннем у іх пячор, правалаў, паглыбленняў і інш.

|| прым. ка́рставы, -ая, -ае.

Карставыя ўтварэнні.

Карставыя пячоры.

карт, -а, М -рце, мн. -ы, -аў, м.

Гоначны мікралітражны аўтамабіль з матацыклетным рухавіком і без кузава.