Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

калео́птыль

(ад гр. koleos = ножны + ptilon = пяро)

першы верхні ліст у злакаў, які мае выгляд згорнутай трубкі з завостраным канцом, што служыць для прабівання глебы.

калео́птэр

(гр. koleopteros = цвёрдакрылы)

самалёт з кальцавым крылом, які ўзлятае вертыкальна.

калеста́нія

(н.-лац. calestania)

травяністая расліна сям. парасонавых з белымі кветкамі ў парасоніках, пашыраная ва ўмераных зонах Еўразіі; лекавая.

кале́т

(фр. collet)

1) шырокі адкладны каўнер у сярэдневяковай вопратцы;

2) кароткі вайсковы мундзір з белага сукна ў еўрапейскіх арміях 17 — пач. 20 ст. (у прыватнасці насілі кірасіры).

калето́трых

(н.-лац. colletotrichum)

недасканалы грыб сям. меланконіевых, які развіваецца на агурках, памідорах, бульбе, фасолі, канюшыне, сырадэлі і іншых вышэйшых раслінах.

калёквіум

(лац. colloquium = гутарка)

1) адна з форм вучэбных заняткаў, гутарка выкладчыка са студэнтамі з мэтай выяўлення іх ведаў;

2) навуковы сход, на якім заслухоўваюцца і абмяркоўваюцца даклады.

ка́лі

(ар. al-kali = паташ)

гідрат вокісу калію, цвёрдае гіграскапічнае бясколернае рэчыва, якое раз’ядае большасць матэрыялаў, калі яны сутыкаюцца з ім; выкарыстоўваецца ў вытворчасці рэдкага мыла і інш.

калі́бія

(н.-лац. collibya)

шапкавы базідыяльны грыб сям. радоўкавых, які расце на лясным подсціле, пнях, ламаччы, глебе; некаторыя віды ядомыя.

калі́бр

(фр. calibre, ад ар. kālib = форма, выгляд)

1) дыяметр ствала агнястрэльнай зброі;

2) дакладны размер якіх-н. прадметаў вытворчасці (напр. к. цвікоў);

3) перан. памер, велічыня, форма чаго-н.;

4) вымяральны інструмент для праверкі памераў, формы вырабаў.

калібрава́ць

(фр. calibrer)

1) вымяраць, правяраць калібр чаго-н.; надаваць патрэбны калібр (напр. к. адтуліну, к. патроны);

2) правяраць шкалу дзяленняў вымяральнага прыбора (напр. к. тэрмометр).