Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цы́кля

(ад ням. Ziehklinge)

сталёвая пласціна з вострым кантам, якая прымяняецца для канчатковай даводкі і зачысткі драўляных вырабаў.

цыко́рыя

(н.-лац. cichorium, ад гр. kichorion)

1) травяністая расліна сям. складанакветных з тоўстым коранем і блакітнымі кветкавымі кошыкамі, пашыраная пераважна ў Міжземнамор’і; на Беларусі трапляецца на лугах, каля дарог; харчовая і лекавая;

2) парашок з карэння гэтай расліны, які дадаюць для смаку і паху ў каву, а таксама напітак, прыгатаваны з гэтага парашку.

цыку́та

(н.-лац. cicuta)

водна-балотная травяністая расліна сям. парасонавых з доўгачаранковым лісцем і дробнымі белымі кветкамі ў парасоніках, пашыраная пераважна ў Паўн. Амерыцы; на Беларусі трапляецца па берагах рэк і азёр, ускрайках балот, ядавітая.

цылі́ндр

(гр. kylindros)

1) геаметрычнае цела, абмежаванае цыліндрычнай паверхняй і дзвюма паралельнымі плоскасцямі, якія яе перасякаюць;

2) частка рухавіка, дзе ходзіць поршань;

3) высокі цвёрды мужчынскі капялюш з палямі.

цыліндраспе́рмум

(н.-лац. cylindrospermum)

ніткаватая сіне-зялёная водарасць класа гармагоніевых, якая трапляецца на вільготнай глебе, імхах, у абрастаннях на дне і ў планктоне прэсных вадаёмаў.

цыліндраспо́рый

(н.-лац. cyhndrosporium)

недасканалы грыб сям. анабенавых, які развіваецца на лісці вішні, чарэшні, пладах і лісці суніц і іншых раслін.

цыліндрацы́сціс

(н.-лац. cylindrocystis)

зялёная водарасць сям. мезатэніевых, якая пашырана пераважна ў водах з нізкай кіслотнасцю, у вільготных месцах і сярод імхоў.

цылі́ндрый

(н.-лац. cilindrium)

недасканалы грыб сям. маніліевых, які развіваецца на апалым лісці або адмерлай драўніне.

цыматапле́ўра

(н.-лац. cymatopleura)

аднаклетачная дыятомавая водарасць сям. сурырэлавых, якая пашырана пераважна ў бентасе, радзей планктоне прэсных, часам саланаватых вадаёмаў.

цымба́лы

(польск. cymbały < лац. cymbalum, ад гр. kymbalon)

народны струнны ўдарны музычны інструмент, уяўляе сабой драўляны корпус трапецападобнай формы, над верхняй дэкай якога нацягнуты стальныя струны; гук здабываецца ўдарамі палачак.