Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

меліяры́зм

(ад лац. melior = лепшы)

ідэалістычны погляд на дабро і зло, прыхільнікі якога лічаць зло немінучым, але прызнаюць магчымым паступова пашыраць сферу дабра.

мело́дыка

(гр. melodikos = які адносіцца да мелодыі)

1) вучэнне аб мелодыі;

2) сукупнасць меладычных сродкаў, уласцівых твору, кампазітару, музычнаму стылю або кірунку.

мело́дыя

(лац. melodia, ад гр. melodia = напеў, песня)

1) паслядоўнасць гукаў, якая ўтварае пэўнае музычнае адзінства;

2) музыкальнасць, меладычнасць (напр. м. верша).

мельдо́метр

(ад гр. meldo = расплаўляю + -метр)

прыбор для вызначэння тэмператур плаўлення тугаплаўкіх рэчываў.

мельпаме́на

(гр. Melpomene = імя апякункі трагедыі, адной з дзевяці муз у старажытнагрэчаскай міфалогіі)

сімвал сцэнічнага мастацтва.

мельхіёр

(ням. Melchior < фр. maillechort, ад Maillot і Chorier = прозвішча фр. вынаходцаў)

сплаў медзі з нікелем серабрыстага колеру; выкарыстоўваецца для вырабу пасуды, манет і інш.

меляно́пус

(н.-лац. melanopus)

разнавіднасць цвёрдай пшаніцы з белым зернем.

мемара́ндум

(лац. memorandum = тое, што трэба помніць)

дыпламатычны дакумент, у якім выкладзены погляды ўрада па якім-н. пытанні.

мемарыя́л

(лац. memorialis = памятны)

1) манументальнае скульптурнае збудаванне-помнік для ўвекавечання памяці аб якой-н. падзеі;

2) уст. запіскі, дзённік; кніга для запісу гандлёвых аперацый;

3) спартыўнае спаборніцтва ў памяць выдатных спартсменаў.

мемарыя́льны

(лац. memorialis = памятны)

які служыць для ўвекавечання памяці якой-н. асобы або падзеі (напр. м-ая дошка, м. комплекс).