Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гравю́ра

(фр. gravure)

малюнак, выразаны на цвёрдым матэрыяле (метале, дрэве, шкле), а таксама адбітак такога малюнка на паперы.

град

(лац. gradus = крок, ступень)

адзінка вымярэння плоскага вугла ў метрычнай сістэме мер 18 ст., роўная сотай частцы прамога вугла.

града́цыя

(лац. gradatio = паступовае павышэнне, узмацненне)

1) паслядоўнасць, паступовасць пераходу ад аднаго да другога, размеркаванне аднародных прадметаў, паняццяў па ступені якасці або па колькасці;

2) стылістычная фігура, якая заключаецца ў тым, што ў вершаваных радках групуюцца словы ці выразы з узмацненнем (клімакс 2) або аслабленнем (антыклімакс) іх эмацыянальнага і сэнсавага зместу.

градзі́раваць

(ням. gradieren)

выпарваць ваду з салянага раствору ў градзірнях.

градзі́рня

(ад ням. gradieren = згушчаць саляны раствор)

1) спецыяльнае збудаванне для згушчэння саляных раствораў выпарэннем вады;

2) збудаванне ў выглядзе вежы для ахаладжэння вады атмасферным паветрам.

градуі́раваць

(ням. graduieren, ад лац. gradus = ступень)

наносіць дзяленні на які-н. вымяральны прыбор.

гра́дус

(лац. gradus = ступень)

1) адзінка вымярэння вугла або дугі, роўная 1/90 прамога вугла або адпаведна 1/360 акружнасці;

2) адзінка вымярэння тэмпературы (розная па розных тэмпературных шкалах — Цэльсія, Кельвіна, Рэамюра, Фарэнгейта);

3) адзінка вымярэння працэнтнай насычанасці спіртам некаторых напіткаў.

градые́нт

(лац. gradiens, -ntis = які крочыць)

1) фіз. мера павелічэння або змяншэння ў прасторы якой-н. фізічнай велічыні пры перамяшчэнні на адзінку даўжыні;

2) мат. вектар, які паказвае напрамак найхутчэйшага ўзрастання пэўнай функцыі 4.

градыентаме́тр

(ад градыент + -метр)

гравітацыйны прыбор для вымярэння гарызантальных кампанентаў градыента сілы цяжару.

градые́нтны

(лац. gradiens, -ntis = які крочыць);

г. вецер — раўнамерны гарызантальны рух паветра пры адсутнасці сілы трэння.