Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лімфацы́ты

(н.-лац. lymphocytus, ад лац. lympha = вільгаць + гр. kytos)

адна з форм незярністых лейкацытаў (агранулацытаў); удзельнічаюць у рэакцыях імунітэту 1.

лі́на

(польск. lina, ад с.-в.-ням. line)

тоўсты канат з валокнаў ці дроту.

лінагравю́ра

(ад лац. linum = палатно + гравюра)

пукатая гравюра на лінолеуме або падобных на яго палімерна-пластычных матэрыялах, па тэхніцы блізкая да ксілаграфіі, а таксама адбітак з яе.

ліналеа́ты

(ад лац. linum = лён + oleum = алей)

солі ліналенавай кіслаты, якія садзейнічаюць хуткаму высыханню алеяў, фарбаў і лакаў.

лінале́навы

(ад лац. linum = лён + oleum = алей);

л-ая кіслата — арганічнае злучэнне аліфатычнага рада, бясколерная вадкасць, якая з’яўляецца састаўной часткай высыхаючых алеяў, служыць асновай натуральнай аліфы.

лінатро́н

(ад лац. linea = лінія + -трон)

фотанаборная машына, падобная да дыгісета, але з меншым асартыментам наборных элементаў.

лінаты́п

(англ. linotype, ад лац. linea = лінія + гр. typos = адбітак)

друкарская наборная машына, якая адлівае набор цэлымі радкамі.

лінафі́льм

(ад лац. linea + фільм)

электронная фотанаборная машына, якая забяспечвае атрыманне фотанабору шрыфтамі кегелю 6—36 пунктаў на фотаплёнцы або фотапаперы.

лінгафо́н

(ад лац. lingua = мова + -фон)

апарат з наборам пласцінак для самастойнай работы па вывучэнню замежнай мовы.

лі́нгбія

(н.-лац. lyngbia)

ніткаватая сіне-зялёная водарасць сям. асцыляторыевых, якая пашырана ў розных тыпах прэсных, саланаватых і марскіх вадаёмаў.