Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цыянкабаламі́н

(ад цыян + кабаламін)

водарастваральны вітамін, які змяшчаецца ў печані, нырках, яйках, соі; мае вялікае значэнне ў кроваўтварэнні; вітамін В12.

цыяно́з

(гр. kyanos = сіні)

сіняватая афарбоўка скуры, абумоўленая недахопам насычэння крыві кіслародам; сінюшнасць.

цыяно́метр

(ад гр. kyanos = сіні + -метр)

прыбор для вызначэння колеру яснага неба.

цэалі́ты

(ад гр. zeo = кіплю + -літ)

група мінералаў класа сілікатаў, водазмяшчальныя алюмасілікаты пераважна кальцыю, натрыю, калію, радзей барыю, стронцыю, штучныя цэаліты выкарыстоўваюцца для ачышчэння вады, фарбавання і інш.

цэ́гла

(польск. cegła, ад с.-в.-ням. ziegel)

штучны будаўнічы матэрыял у выглядзе прамавугольных брускоў з гліны і іншай мінеральнай сыравіны.

цэ́дра

(іт. cedro = цытрон)

верхні слой лімоннай ці апельсінавай лупіны, а таксама высушаная і расцёртая лупіна, якая ўжываецца як вострая прыправа.

цэдэ́нт

(лац. cedens, -ntis = які ўступае)

крэдытор, які ўступае сваё права патрабавання іншай асобе.

цэзальпі́нія

[н.-лац. caesalpinia, ад іт. A. Cesalpino = прозвішча іт. батаніка (1519—1603)]

дрэвавая або кустовая расліна сям. бабовых з перыстым лісцем і двухбаковымі прамяністымі кветкамі, пашыраная ў тропіках і субтропіках; некаторыя віды вырошчваюцца як дэкаратыўныя.

цэ́зар, цэ́сар

(лац. caesar, ад Caesar = імя старажытнарымскага дыктатара Юлія Цэзара)

1) тытул старажытнарымскіх і візантыйскіх імператараў;

2) уст. манарх, уладар.

цэзарапапі́зм

(ад цэзар + папа)

форма праўлення, пры якой кіраўнік свецкай улады адначасова і кіраўнік царквы.