фа́цыя
(лац. facies = выгляд)
1) комплекс умоў утварэння асадачнай горнай пароды;
2) горная парода, што ўтварылася на працягу абмежаванага часу на тэрыторыі з аднолькавымі ўмовамі;
3) асадачны пласт горнай пароды, які мае аднолькавы склад, фізіка-хімічныя ўласцівасці і аднолькавую выкапнёвую фауну і флору.
фацэ́лія
(н.-лац. phacelia)
травяністая расліна сям. вадаліснікавых з перыста-рассечаным лісцем і шматлікімі ружова-блакітнымі кветкамі ў коласападобных суквеццях, пашыраная пераважна ў Паўн. Амерыцы; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.
фацэ́т
(польск. facet, ад лац. facetus = вясёлы, дасціпны)
разм. камічны, забаўны чалавек.
фацэ́тны
(польск. facetny, ад лац. facetus)
разм. смешны, забаўны.
фацэ́цыя
(лац. facetia = жарт, досціп)
1) жартоўнае апавяданне, часта антыклерыкальнага зместу, распаўсюджанае на Захадзе ў эпоху Адраджэння і ў Расіі ў канцы 17 ст.;
2) разм. пацеха; смехата.
фашы́зм
(іт. fascismo, ад лац. fascis = вязка прутоў, пучок)
ідэалагічная форма адкрытай ваяўнічай тэрарыстычнай дыктатуры, якая ажыццяўляе палітыку шавінізму, расізму, агрэсіі.
фашы́на
(іт. fascina, ад лац. fascis = вязка прутоў, пучок)
пучок хворасту для ўмацавання насыпаў, плацін, дарог і г. д.
фашы́ст
(іт. fascista)
прыхільнік фашызму, член фашысцкай арганізацыі.
фаэто́н
(гр. Phaethon = імя сына бога сонца ў старажытнагрэчаскай міфалогіі)
1) уст. лёгкі чатырохколавы экіпаж з адкідным верхам;
2) кузаў аўтамабіля з мяккім верхам (тэнтам), які можна адкідаць;
3) акіянічная птушка сям. весланогіх, якая добра лятае, але дрэнна плавае і з цяжкасцю перамяшчаецца па сушы.
фаялі́т
(ад Faial = назва вострава ў групе Азорскіх астравоў)
мінерал класа сілікатаў цёмна-жоўтага, зеленавата-чорнага колеру.