Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

макрацэфа́лія

(ад макра- + -цэфалія)

празмерная велічыня або падоўжанасць галавы пры нармальных памерах іншых частак цела (параўн. мікрацэфалія).

макраэвалю́цыя

(ад макра + эвалюцыя)

працэс эвалюцыі арганізмаў унутры роду, сямейства і іншых сістэматычных катэгорый, вышэйшых, чым від; адбываецца на падставе працэсаў мікраэвалюцыі.

макраэкано́міка

(ад макра + эканоміка)

эканамічная навука, якая вывучае ўзаемасувязі і прапорцыі развіцця народнай гаспадаркі ў цэлым і асобных яе галін (параўн. мікраэканоміка).

макраэлеме́нты

(ад макра + элемент)

найбольш пашыраныя 10 хімічных элементаў з атамнымі нумарамі ў інтэрвале ад 8 да 26, якія складаюць 99,92 % масы зямной кары (кісларод, крэмній, кальцый, алюміній, жалеза, магній, калій, натрый, тытан, марганец); параўн. мікраэлементы.

макрэ́ль

(рус. макрель, ад гал. makreel)

тое, што і скумбрыя.

ма́ксвел

[англ. J. Maxwell = прозвішча англ. фізіка (1831—1879)]

адзінка магнітнага патоку.

ма́ксі

(англ. maxi)

жаночае адзенне (спадніца, сукенка, паліто) максімальнай даўжыні (параўн. мідзі, міні).

максілапо́ды

(н.-лац. maxillapoda, ад лац. maxilla = сківіца + гр. pus, podos = нага)

падклас ракападобных; пашыраны ў марскіх і прэсных вадаёмах; жывуць свабодна, прымацаваныя да субстрату, ёсць паразіты, драпежнікі; састаўная частка зоапланктону, корм для рыб.

максі́м

[англ. maxim, ад H. Maxim = прозвішча амер. канструктара (1840—1916)]

станковы кулямёт, які быў на ўзбраенні многіх армій да 2-й сусветнай вайны.

ма́ксіма

[лац. maxima (sententia) = асноўнае правіла, прынцып]

лагічны або этычны прынцып, норма паводзін.