Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ракамі́трыум

(н.-лац. rhacomitrium)

лістасцябловы мох сям. грыміевых, які расце на валунах, камяністай і пясчанай глебах.

ра́кель

(ням. Rakel)

палігр. тонкі стальны нож, якім знімаецца фарба з прабельных элементаў друкарскай формы.

раке́та

(ням. Rakete < іт. rochetto, ад rocca = верацяно)

1) снарад для асвятлення ці сігналізацыі;

2) баявы снарад, які прыводзіцца ў рух рэактыўнай сілай;

3) касмічны лятальны апарат з рэактыўным рухавіком.

ракетадро́м

(ад ракета + -дром)

спецыяльна абсталяваная пляцоўка для выпрабавання і запуску ракет.

ракетамадэлі́зм

(ад ракета + мадэлізм)

канструяванне і выпрабаванне мадэлей ракет з тэхнічнай або спартыўнай мэтай.

ракетапла́н

(ад ракета + -план)

ракета з крыламі, якія робяць яе ўстойлівай у палёце.

ракетапла́нер

(ад ракета + планёр)

планёр з ракетным рухавіком.

раке́тка

(фр. raquette, ад ар. raksat = далонь)

зацягнуты сеткай абруч авальнай формы з дзяржаннем або лапатачка з ручкай для гульні ў тэніс, бадмінтон, пінг-понг.

ракірава́ць

(фр. roquer, ад roc = шахматная ладдзя)

рабіць ракіроўку.

ракіро́ўка

(ад ракіраваць)

1) адначасовы ход каралём і ладдзёй, калі караля пераносяць цераз адно поле ў бок ладдзі, а ладдзю пераносяць цераз караля і ставяць побач з ім;

2) перагрупіроўка войск першага эшалона па лініі фронту.