размары́н
(н.-лац. rosmarinus, ад лац. ros marinus = марская раса)
1) вечназялёная кустовая расліна сям. ясноткавых з лінейным лісцем і блакітнаватымі або белымі кветкамі, пашыраная ў Міжземнамор’і; дае эфірны алей; на Беларусі вырошчваецца як лекавая і дэкаратыўная;
2) зімовы сорт яблыні з пахучымі салодкімі пладамі, а таксама плод гэтай яблыні.
разы́нкі
(польск. rodzynki < ням. Rosinen, ад лац. racemus)
сушаныя ягады вінаграду.
райгра́с
(англ. rye grass = жытняя трава)
травяністая расліна сям. злакавых з вузкім лісцем і мяцёлкавым або коласападобным суквеццем, пашыраная на лугах; кармавая.
райкасфе́нія
(н.-лац. rhoicosphaenia)
аднаклетачная дыятомавая водарасць сям. ахнантавых, якая пашырана пераважна ў саланаватых і марскіх водах.
ра́йя
(тур. raya, ад ар. ra’ijah = статак)
падатковае насельніцтва ў султанскай Турцыі, з 18 ст. — немусульманскае насельніцтва.
рака́да
(фр. rocade)
ваен. дарога, якая праходзіць паралельна лініі фронту.
рака́йль
(фр. rocaille = асколкі камянёў, ракавіны)
арнамент у выглядзе стылізаваных ракавін, абломкаў скалы ў архітэктуры і прыкладным мастацтве стылю ракако.
ракако́
(фр. rococo)
архітэктурны, мастацкі стыль 18 ст., які вызначаўся складанасцю форм і вычварным арнаментам.
ракамбо́ль
(фр. rocambole)
травяністая расліна сям. лілейных, пашыраная ў Еўропе і Малой Азіі.