Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мута́цыя

(ад mutatio = змяненне, змена)

1) рэзкае змяненне спадчынных уласцівасцей у жывёл і раслін (проціл. мадыфікацыя 3);

2) ломка голасу ў падлеткаў з наступленнем палавой спеласці.

мутацыяні́зм

(ад мутацыя)

канцэпцыя ў біялогіі, якая разглядае эвалюцыю як скачкападобны працэс, што адбываецца незалежна ад знешняга асяроддзя.

муто́н

(фр. mouton = баран)

падоўжны або выпуклы выступ скальнага падножжа, выгладжаны ледніком.

мутуалі́зм

(ад лац. mutuus = узаемны)

адзін з відаў сімбіёзу, пры якім арганізмы, якія знаходзяцца ў сужыцці, прыносяць адзін другому карысць (напр. рак-самотнік і актынія).

му́тулы

(лац. mutuli)

архіт. плоскія нахільныя выступы над выноснай плітой карніза ў дарычным ордэры.

муты́зм

(ад лац. mutus = нямы)

адмаўленне ад моўных зносін пры захаванні функцый маўленчага апарата; назіраецца пры псіхічных захворваннях.

му́фель

(ням. Muffel)

вогнетрывалая танкасценная камера або пасудзіна, куды змяшчаюць керамічныя, фарфоравыя і іншыя вырабы пры абпальванні для засцярогі ад непасрэднага ўздзеяння агню, сажы.

муфло́н

(фр. mouflon, ад іт. muflone)

дзікі горны баран сям. пустарогіх, які водзіцца на астравах Міжземнага мора і ў Закаўказзі.

му́фта

(рус. муфта, ад ням. Muffe)

1) прыналежнасць жаночай вопраткі ў выглядзе цёплага, адкрытага з двух бакоў мяшочка для сагравання рук;

2) тэх. прыстасаванне для пастаяннага або часовага злучэння канцоў труб, валоў, стальных канатаў і інш.

му́фтый

(ар. mufti = які вызначае)

вышэйшая духоўная асоба ў мусульман, якая надзелена правам выносіць рашэнні па рэлігійна-юрыдычных пытаннях, даваць растлумачэнні і па выкарыстанні шарыяту.