Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ту1 — экспрэсіўнае слова ў выразах: ту, якій ты!ту на цябе!ту цябе! ‘цьфу’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.; полац., Нар. лекс.). У адным з першых літаратурных твораў: Ці не пісацель? / Ту! Не, паночак, /Я Тарас (К. Вераніцын, Тарас на Парнасе. Паэмы. Мінск, 2009, 18). Часта як выраз незадавальнення, нязгоды. Звычайна разглядаецца як варыянт выклічніка тфу (гл.) у сувязі з неарганічным характарам ф у беларускай народнай мове, параўн. яго замены на тпху, тху (гл.), цьху і пад. Параўн., аднак, рус. ту: ту, голова! ‘эх ты!’, серб. цімак. ту́ ‘выклічнік незадавальнення, раздражнення’, макед. ту што ми стори ‘ox, што ты нарабіў’, балг. дыял. а́ бре, ту́ бре! (раздражненне, гл. СбНУ, 38, 50), што сведчыць пра магчымае аднясенне выклічніка да т. зв. першасных інтэр’екцый (Смаль-Стоцкі, Приміт., 19), прадстаўленага ў складзе выклічнікаў тыпу агату, ату, туга (гл.) і інш. Дапускаецца дэістычнае паходжанне, гл. ESSJ SG, 2, 701.

Ту2 ‘тут, сюды’ фалькл.: Братовая золвы на ночь просить : / Ту ту ту! — Моя золвица, моя сястрыца, / Ту ту ту (Бяс., 40); Ту, цимболисты и скрипки играют… (С. Полацкі), ту-ту-ту — падзыўныя для гусей (ДАБМ, камент., 896); ст.-бел. ту ‘ў гэтым месцы; туды, сюды; тады; у даным выпадку’ (1388 г., ГСБМ). Параўн. укр. дыял. ту ‘тут’, рус. фалькл. ту ‘ў той час, тады’ (СРНГ), польск. tu ‘тут; цяпер, у гэтым месцы; дагэтуль, адсюль’, чэш., славац., в.-луж., н.-луж. tu ‘тс’, харв., серб. , славен. ‘тс’, ст.-слав. тоу ‘там, тут, тады, у тым месцы’. Прасл. *tu вытворнае ад займенніка *tъ (гл. той) з няясным па паходжанні ‑u (агляд праблематыкі ў літаратуры гл. ESSJ SG, 2, 697–701; ESJSt, 17, 996; пра ст.-бел. формы гл. Крамко, Мова бел. пісьм., 276). Сучаснае дыялектнае ўжыванне, напр., ту ‘тут’ (воран. Сл. ПЗБ), а таксама познія старабеларускія формы пад уплывам польскай мовы, гл. Булыка, Запазыч., 326. Паводле Шустар-Шэўца (1553), вакалізацыя, як у н.-луж. ku < прасл. *kъ, гл. к.

Ту3 — размеркавальны злучнік то … то: ту чуеш у гэтай песні страшны голас дзікага звера, ту смех шалёнага, ту нудны крык нішчаснага, ту плач беднага чалавека (Я. Колас). Параўн. аналагічныя злучнікі: макед., балг. ту … ту, польск., чэш. tu … tu. Функцыянальна ідэнтычна займеннікавым утварэнням ад *tъ, у першую чаргу *to (гл. та, то), адносна паходжання гл. ESSJ SG, 2, 701. У беларускай літаратурнай мове выціснута пад уплывам рускай мовы.

Туале́т ‘адзенне, убранне’, ‘прывядзенне ў надежны стан свайго выгляду’, ‘прадметы касметыкі, гігіены’, ‘столік з люстэркам’, ‘прыбіральня’ (ТСБМ), ‘убранне, уборы, строі’ (Некр. і Байк.). Запазычана праз рус. туалет у XVIII ст. з франц. toilette ‘акравак тканіны’, ‘ручнічок’ — памяншальнае ад toile ‘палатно’, якое з лац. tēla (< *tex‑la) < texere ‘ткаць’, ад якога таксама тэкстыль (гл.). Адсюль развіццё значэнняў: ‘тое, што зроблена з тканіны, палатна’ > ‘ручнічок на туалетным століку’ і г. д. (Голуб-Ліер, 483; Фасмер, 4, 113; Чарных, 2, 268; ЕСУМ, 5, 666; Арол, 4, 112).

Ту́ба ‘музычны інструмент’, ‘цюбік’ (ТСБМ), ‘рупар’ (Ласт.). Запазычана праз нямецкую мову з італ. tuba ‘музычны інструмент’, якое з лац. tuba ‘труба’, вядомае яшчэ з часоў Старажытнага Рыма, пры дапамозе слова падавалася каманда да наступу або адступлення войска. Магчыма, з’яўляецца роднасным лац. tībia ‘жалейка’, ‘галёначная косць’ (ЕСУМ, 5, 666; Арол, 4, 112).

*Ту́бал, ту́бол ‘тулава’, побач з ту́лоб, ту́луб ‘тс’ (пін., Дразд.). У выніку перастаноўкі зычных л…б > б…л. Гл. ту́лаб.

Ту́балка ‘мясцовая, карэнная жыхарка’: вона ту́балка, а я на́волоч (лельч.; Цыхун, уласн. зал.), ту́болка, ту́боліца ‘тс’ (ТС), ту́болец: ве́чны ту́болец ‘карэнны жыхар’ (там жа), ту́балец ‘тс’ (маз., ГЧ, Скарбы), ту́бельнік ‘старажыл’ (Зайка Кос.), ту́бальцы ‘мясцовыя жыхары’ (слуц., Сержп. Казкі), сюды ж tubòleczny ‘тутэйшы’ (Арх. Федар.) і семантычна пашыранае ту́бальніца ‘ўласніца маёмасці, валадарка’ (каліны., Сл. ПЗБ). Вынік трансфармацыі дээтымалагізаваных тубылка, тубы́лец (гл.), параўн. таксама фанетычна дэфармаваныя тулубка (з метатэзай) і ту́палец (з аглушэннем б > п) (ТС).

Туба́н ‘натоўп, юрма’ (Вушац. сл.). У выніку метатэзы галосных з табун (гл.).

Тубарам, ст.-бел. тубаромъ ‘ноччу’: тубаром то ест в полню (ГСБМ). Няясна. Знешне падобна да архаічнага рус. ту́пора ‘ў тую пару, у той час, калі’, што выводзіцца з *въ ты поры ‘ў тую пару’ (Анікін, РЭС, 9, 81). Параўн. тупраш, гл.

Тубарэ́тка ‘табурэтка’ (Мат. Гом.). Гл. табурэт (з перастаноўкай галосных).

Ту́бачнік ‘крапінец чубаты, Polygala comosa Schkuhr’ (даўг., Сл. ПЗБ), tʼubačńik ‘палявая расліна’: sʼʼcʼʼabło і tam … jak trʼubačkʼi takʼija try cʼʼvʼatki (Брасл. сл.). Названы паводле формы кветкі, падобнай да тубы (цюбіка), гл.

Ту́бель ‘від гэбля’: тубелям дзелаюць філінговыя дзверы (свісл., Шатал.), ту́блі выбіраюць вузкія фальцы на абшыўцы (Сцяшк.). Не зусім ясна. Відаць, з ням. dóppelt, ці ⁺Doppelhobel ‘гэбель, які выбірае падвойныя пазы’ (гл. яшчэ дубальт).