Тфу — выклічнік, імітуе плявок, пляванне для выказвання абурэння, незадаволенасці, злосці, расчаравання, часам здзіўлення і інш. (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Федар. 4, Пятк. 3, Вруб.): усе яны проціў яго тфу! (Сержп. Прымхі), тху (Пятк. 2), птху (ТС), ту: ту на цябе! (Нас.), цю (тю): тю на тебе! (Растарг.), цьфу (Бяльк.). Параўн. укр. тьху, тьфу, тьфе, тфу, рус. тьфу, тфу, пфу, фу, польск. tfu, pfu; чэш. fuj, pfuj, pfy, pf pff, славац. tfi, pfi,fuj, славен. fȅj, fȕj, серб. фуј, пих, харв. fȕj, балг. фу, тю, макед. па. Гукапераймальныя ўтварэнні, якія перадаюць натуральныя гукі пры дзеянні, што першапачаткова мела культавы характар (Германовіч, Междом., 28). Для ўсх.-слав. тфу, тьфу няма падстаў дапускаць запазычанне, як гэта робіць Арол (4, 127), гл. Норман, IJSLP, 35–36, 176; параўн. у беларускім ідышы tfu, нова-в.-ням., н.-ням. pfui, франц. fi, ісп. puf, англ. fie, грэч. φῦ, φεῦ, лац. , тур. pu, puf (Фасмер, 4, 134; ЕСУМ, 5, 692; Сной₂, 162).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)