Ту 1 — экспрэсіўнае слова ў выразах: ту, якій ты! ту на цябе! ту цябе! ‘цьфу’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.; полац., Нар. лекс.). У адным з першых літаратурных твораў: Ці не пісацель? / Ту! Не, паночак, /Я Тарас (К. Вераніцын, Тарас на Парнасе. Паэмы. Мінск, 2009, 18). Часта як выраз незадавальнення, нязгоды. Звычайна разглядаецца як варыянт выклічніка тфу (гл.) у сувязі з неарганічным характарам ф у беларускай народнай мове, параўн. яго замены на тпху, тху (гл.), цьху і пад. Параўн., аднак, рус. ту: ту, голова! ‘эх ты!’, серб. цімак. ту́ ‘выклічнік незадавальнення, раздражнення’, макед. ту што ми стори ‘ox, што ты нарабіў’, балг. дыял. а́ бре, ту́ бре! (раздражненне, гл. СбНУ, 38, 50), што сведчыць пра магчымае аднясенне выклічніка да т. зв. першасных інтэр’екцый (Смаль-Стоцкі, Приміт., 19), прадстаўленага ў складзе выклічнікаў тыпу агату, ату, туга (гл.) і інш. Дапускаецца дэістычнае паходжанне, гл. ESSJ SG, 2, 701.
Ту 2 ‘тут, сюды’ фалькл.: Братовая золвы на ночь просить : / Ту ту ту! — Моя золвица, моя сястрыца, / Ту ту ту (Бяс., 40); Ту, цимболисты и скрипки играют… (С. Полацкі), ту-ту-ту — падзыўныя для гусей (ДАБМ, камент., 896); ст.-бел. ту ‘ў гэтым месцы; туды, сюды; тады; у даным выпадку’ (1388 г., ГСБМ). Параўн. укр. дыял. ту ‘тут’, рус. фалькл. ту ‘ў той час, тады’ (СРНГ), польск. tu ‘тут; цяпер, у гэтым месцы; дагэтуль, адсюль’, чэш., славац., в.-луж., н.-луж. tu ‘тс’, харв., серб. tû, славен. tù ‘тс’, ст.-слав. тоу ‘там, тут, тады, у тым месцы’. Прасл. *tu вытворнае ад займенніка *tъ (гл. той) з няясным па паходжанні ‑u (агляд праблематыкі ў літаратуры гл. ESSJ SG, 2, 697–701; ESJSt, 17, 996; пра ст.-бел. формы гл. Крамко, Мова бел. пісьм., 276). Сучаснае дыялектнае ўжыванне, напр., ту ‘тут’ (воран. Сл. ПЗБ), а таксама познія старабеларускія формы пад уплывам польскай мовы, гл. Булыка, Запазыч., 326. Паводле Шустар-Шэўца (1553), вакалізацыя, як у н.-луж. ku < прасл. *kъ, гл. к.
Ту 3 — размеркавальны злучнік то … то: ту чуеш у гэтай песні страшны голас дзікага звера, ту смех шалёнага, ту нудны крык нішчаснага, ту плач беднага чалавека (Я. Колас). Параўн. аналагічныя злучнікі: макед., балг. ту … ту, польск., чэш. tu … tu. Функцыянальна ідэнтычна займеннікавым утварэнням ад *tъ, у першую чаргу *to (гл. та, то), адносна паходжання гл. ESSJ SG, 2, 701. У беларускай літаратурнай мове выціснута пад уплывам рускай мовы.