Ту-ту-ту1 — падзыўныя для гусей (ДАБМ, камент., 896), ‘падзыўныя для курэй’ (Мат. Маг.). Параўн. укр. ту‑ту, тю‑тю — падзыўныя для курэй, куранят, рус. ту‑ту‑ту, тю‑тю‑тю ‘тс’, польск. tiu‑tiu‑tiu ‘тс’, чэш. мар. tu‑tu ‘тс’, tuťа ‘курыца’, славац. ťu‑ťu‑ťu — падзыўныя для курэй. Адносяцца да т. зв. першасных інтэр’екцый, якія служаць для выражэння жадання, волі (Смаль-Стоцкі, Приміт., 115), паходжанне якіх цяжка высветліць; звычайна трактуюцца як анаматапеічныя ўтварэнні (Фасмер, 4, 134; Махэк₂, 662; ЕСУМ, 5, 674).

Ту-ту-ту2 — выражанае пачуццё палёгкі: Ой, ту‑ту‑ту! Добра, што ўсё так кончылася (чашн., Рэг. сл. Віц.), выражае настойлівасць, просьбу (?): Братавая золвы на ноч просіць, ту‑ту‑ту (Куп. і пятр. песні, 326), ту‑ту — выражае захапленне (?): Ту‑ту! Што ў мяне была за свякровачка (круп., там жа). Відаць, узмоцненыя (падвоеныя ці патроеныя) экспрэсіўныя словы — інтэр’екцыі, гл. ту1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)