Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ты — займеннік 2‑й ас. адз. л. ‘ты’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., ТС, Федар. 4, Некр. і Байк.; ашм., Стан., Вруб., Сл. ПЗБ): чужых жэ, малазнаёмых і толькі знаёмых людзей называюць на ты (Сержп. Прымхі), ст.-бел. ты ‘тс’ (1492 г., ГСБМ), ты = лац. tu (Жлутка). Параўн. укр. ти, рус., стараж.-рус. ты, польск., н.-луж., в.-луж., чэш., славац. ty, палаб. tåi, славен. , харв. , серб. ти̂, макед., балг. ти, ст.-слав. ты. Прасл. *ty роднаснае літ. , лат. tu ‘ты’, ст.-прус. tou, , гоцк. þu, ст.-н.-ням. thu, ст.-англ. thou; с.-ням., в.-ням., швед., дацк. du, алб. ti (< *tū), ірл. tu, вал. ti, ст.-грэч. дар. τύ), авест. і tvə̄m, ст.-перс. tuvam, ст.-інд. tvám, хіндзі < і.-е. *tu і ; другую форму тлумачаць як сцягненне двух элементаў: tu‑wa > tewe > twe, апошняе — энклітыкай В. скл., параўн. ст.-грэч. σε; элемент t‑ ідэнтыфікуюць з указальным t‑ (ESSJ SG, 2, 706; ESJSt, 17, 1007). Гл. таксама: Фасмер, 4, 130; Мюленбах-Эндзелін, 4, 254; Махэк₂, 663; Брукнер, 587; Шустар-Шэўц, 1566; Скок, 3, 466; Борысь, 657; ЕСУМ, 5, 564; Арол, 4, 124. Сюды ж ты́каць ‘звяртацца да каго-небудзь на «ты»’ (ТСБМ, ТС, Яўс.), ты́кацца (týkacsa) ‘тс’, ‘фамільярнічаць’ (Федар. 4).

Тыбатэ́нка м. р. ‘кабат’ (Бяльк.). Няясна, магчыма, у выніку мены пачатковага к‑ на т‑ ад кабат (гл.), параўн. тухвайка з кухвайка і пад. (аб мене к > т гл. Карскі 1, 375).

Ты́бель. Гл. тэбель.

Ты́бліць ‘ісці ўпэўнена’ (мёрск., Нар. лекс., Бел. дыял. 1), параўн. яшчэ аргат. ‘futuere’ (Лукашанец, Сацыял.), магчыма, да тыбель, гл. Экспрэсіўны дзеяслоў няяснага паходжання, магчыма, балтызм, параўн. літ. dỹbinti ‘ісці, крочыць (вялікімі крокамі)’, параўн. дыбаць, гл.

Тыга ‘прэч’ (Адм.): тыга, гад! (Я. Колас). Волевыяўленчы выклічнік, магчыма, суадносіцца з ту-га́, цюга́ (гл.). Блізкія па форме выклічнікі, параўн. укр. тег, тега, ти́га, рус. ти́га‑ти́га, те́га, те́жа служаць для падзывання гусей і лебедзяў (гл. Фасмера, 4, 55) і, мажліва, імітуюць іх крык, падобна да макед. дыял. тъга‑тъга — падзыўныя для жывёлы і інш.

Ты́гель ‘пасудзіна з вогнетрывалага матэрыялу для плаўкі, варкі, нагрэву розных матэрыялаў’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ты́гель, ты́глік ‘гаршчок для плаўкі металаў’ (Ласт.), тыге́лік, тыде́лёк ‘тыгель (патэльня)’ (Сл. Брэсц.), тыгелёк ‘каструля’ (беласт., Сл. ПЗБ). З польск. tygiel, tyglik, tygielek, tegiel, якія з с.-в.-ням. tigel, tëgel ‘гаршчок, слоік’ (Махэк₂, 663; Брукнер, 567), нова-в.-ням. Tiegel ‘нізкі гаршчок, патэльня’, апошняе ўзыходзіць да італ. старога teglia ‘патэльня’ < позналац. tēganum < ст.-грэч. τήγανον ‘тс’ (Фасмер, 4, 56; ЕСУМ, 5, 564; Арол, 4, 70).

Тыго́дзень ‘тыдзень’ (ашм., Сцяшк. Сл.), параўн. старое польск. падляш. tygoʒ́ ‘тс’ (Рэмбішэўска, Dynamika, 153). Паводле Борыся (657), адлюстроўвае гістарычнае спалучэнне са скланяльнымі формамі *tegoje dьne Р. скл. ад *tъjь dьnь ‘тыдзень’ (*tъ‑jь ‘той’ і *dьnь ‘дзень’); захавалася ў суч. польск. tegodnia, каш. tigodńa Р. скл. з пераафармленнем канца слова па ўзоры tydzień, гл. тыдзень.

Тыгр ‘буйная драпежная жывёла Panthera tigris, Felix tigris’ (ТСБМ, Нас.), ‘люты звер’ (Ласт.), ты́гра, тыгры́ца ‘тыгрыца’, перан. ‘злая жанчына’ (Байк. і Некр.), ты́г(а)р, ты́гра ‘Felix tigris’ (Некр. і Байк.), ты́гр(ыс) ‘тс’ (Пятр.), ст.-бел. тигрисъ ‘тс’ (ГСБМ). Параўн. укр. тигр, рус. тигр, рус.-ц.-слав. тигръ, ст.-слав. тигръ ‘тыгр’ (у Супрасльскім рукапісе: рѣка тигрьска ‘рака Тыгр’), якое ўзыходзіць да с.-грэч. τίγρις ‘тыгр’, апошняе было запазычана з нейкай авестыйскай лексемы, роднаснай ст.-перс. tiɣri‑ ‘страла’, tiɣra‑ ‘востры’ < і.-е. *(s)tei̯g‑ ‘калоць, басці’, ‘завостраны’ (Фасмер, 4, 56; Сной₂, 763; Голуб-Ліер, 495; ЕСУМ, 5, 564). У сучасных славянскіх мовах назвы гэтай жывёлы былі запазычаны з ням. Tiger ці з франц. tigre, якія ўзыходзяць да лац. tigris ‘тс’ (Сной, Фасмер, там жа; Махэк₂, 663; Арол, 4, 70). Ст.-бел. тигрисъ (тикгрисъ) ‘тыгр’ (1517 г.) запазычана са ст.-польск. tygris ‘тс’ у XVI ст. (Булыка, Лекс. запазыч., 144), што захавалася ў суч. польск. tygrys ‘тс’. Форма тыгра ‘тс’ (Я. Колас, М. Гарэцкі, гл. Каўрус, Словаклад) і адпаведныя дыялектныя формы ўтвораны паводле мадэлі сябра, майстра, Пётра, каб пазбегнуць неўласцівага народнай мове спалучэння зычных на канцы слова (Станкевіч, Язык, 781).

Ты́дзень (ты́дзянь, ты́дзінь) ‘частка месяца, сямідзённы тэрмін’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Касп., Ласт., Сержп. Прымхі, Яруш., Мал., Гарэц.; ашм., Стан., Сл. ПЗБ), ты́день ‘тс’ (пруж., Сл. ПЗБ, Растарг.), ст.-бел. тыдень, тыдзень ‘тс’ (1486 г., ГСБМ). Параўн. польск. tydzień, каш. tiƺėń, чэш. týden, славац. tíďen, в.-луж. tydźeń, н.-луж. tyźeń, славен. tė́den, tjéden, серб. тје̏дан, харв. кайк., чак. tjedan, téidan, tjȁden. Лексема ўзнікла на тэрыторыі Вялікай Маравіі і распаўсюдзілася разам з хрысціянствам (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 403); пасля прыняцця хрысціянства і ўрэгулявання назваў тыдня (Брукнер, 588) лексема стала абазначаць ‘сямідзённы тэрмін’. Першая частка слова — прыметнікавая форма займенніка *tъ ‘гэты’, ускладненая ўказальным займеннікам *jь: *tъ‑jь > *t‑yjь, які яшчэ ў XV ст. скланяўся разам з другой часткай *dьnь ‘дзень’, параўн. чэш. týden, téhodne, témudni, týmdnem. У беларускую мову слова трапіла з польскай мовы (Карскі 2-3, 89), дзе захавалася таксама форма Р. скл. адз. л. tygodnia ‘тыдня’ (Борысь, 657; Лер-Сплавінскі, JP, 1928, 13, 12–14), гл. тыгодзень. У тыдзень скланяецца толькі другая частка (як дзень). Для старабеларускай і народнай мовы характэрна варыянтнасць назвы тыдня, звязаная з рознымі шляхамі пранікнення і фанетычнай адаптацыі. Ст.-бел. тыйдень, тийдень (1498 г.), паводле Карскага (там жа), адлюстроўвае архаічную форму, блізкую да зыходнай; формы са спалучэннямі жьд, жд (ст.-бел. тыйжьдень, тыждень) Карскі (там жа) тлумачыць устаўкай ж (< часц. жа); зафіксаванае ў Рэчыцкім пав. ты́жджень Бузук (Спроба, 59) разглядае як вынік асіміляцыі д папярэднім ж, а тураўскае ты́здзень — як вынік адваротнай асіміляцыі. Рэдкая форма ты́жань (Ян., ПСл) узнікла, магчыма, па ўзоры нуда і нужда (гл.) як «аднаўленне» ўсходнеславянскага рэфлекса прасл. *dj, што, зрэшты, не выключае захавання архаізма, параўн. старое польск. tyżeń ‘тыдзень’ (Варш. сл.), параўн. чэш. týž ‘той самы’ (гл. наступнае слова), якое суадносіцца з рэканструяваным першасным значэннем ‘той самы дзень (праз сем дзён)’, гл. Махэк₂, 663; Борысь, 657. Адносна развіцця dj > ždž > ž гл. Голамб, МЈ, 40–41, 125. Сюды ж тыднёва ‘выезд маладых да бацькоў маладой у першы тыдзень пасля вяселля’ (Сцяшк. Сл.), тыднёво ‘застолле праз тыдзень пасля вяселля’ (Сл. рэг. лекс.), тыднёвы ‘штотыднёвы’, ‘які працягваецца цэлы тыдзень’ (ТСБМ, Яруш., Гарэц.), тыднёвік ‘штотыднёвік’ (Гарэц.), ‘працоўны тыдзень’ (Варл.), ты́днік ‘тыдзень’ (віл., Сл. ПЗБ), ты́днічак памянш. ‘тс’ (Скарбы), спалучэнне tak tydzień ‘тыдзень таму назад’ (Федар. 1), параўн. такрок, гл.

Тыж ‘таксама’ (Сл. рэг. лекс.), тыш (тыж) ‘тс’ (зэльв., Нар. словатв.), ст.-бел. тыжъ, тежъ, тэжъ ‘тс’ (ГСБМ). Спецыфічнае развіццё першаснага спалучэння *tъže (гл. тэж), параўн. укр. теж ‘таксама’, дыял. тиж ‘тс’, ст.-чэш. і чэш. tyž ‘той жа’, tež ‘таксама’, паралельнага да польск. tež ‘тс’. Мена [e] > [ы], як у польск. potem > бел. по́тым.