Тыта́н 1 ‘бажаство з ліку волатаў, якое змагалася з багамі Алімпа’, перан. ‘чалавек вялікага таленту, надзвычайнага розуму’ (ТСБМ), ст.-бел. титанъ ‘тс’. Паходзіць ад ст.-грэч. Τιτάν (ад τιτώ ‘сонца, дзень’) (Арол, 4, 73; ЕСУМ, 5, 575). Запазычана ў сучасную мову, хутчэй за ўсё, праз польск. tytan ‘тс’.
Тыта́н 2 ‘хімічны элемент’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Запазычана з ням. Titan, названы так ад н.-лац. Titanium вынаходнікам М. Клапротам паводле распаўсюджанай мадэлі хімічных тэрмінаў, параўн. ст.-грэч. Τιτάν ‘сын Урана і Геі’ і uranium, гл. уран (Арол, 4, 74).
Тыта́н 3 ‘вялікі кіпяцільнік’ (ТСБМ). Назва ўзнікла як фабрычная марка, у якой адлюстравалася ідэя магутнасці (параўн. тытан 1). З рус. тита́н ‘тс’ (Арол, 4, 74).
Ты́тул 1 ‘загаловак кнігі’, ‘першая старонка кнігі, тытульны ліст’ (ТСБМ, Гарэц., Некр. і Байк.), ст.-бел. тытулъ, тителъ, титулъ ‘загаловак, назва’, ‘надпіс’. Са ст.-польск. tytuł ‘тс’, якое з лац. titulus ‘тс’, ‘надмагільны надпіс’, ‘подпіс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 188), у ВКЛ таксама ‘прычына, падстава, права’ (Жлутка).
Ты́тул 2 ‘ганаровае або дараванае дваранскае званне (барон, князь, граф)’ (ТСБМ, Некр. і Байк.): у каго ў шкатуле, той і ў тытуле (брасл., Рабк.), ‘вясельны чын асоб, што маюць акрэсленыя функцыі ў рытуале’ (беласт., Этнагр. зб., 112), ст.-бел. тытулъ, титулъ ‘тытул, званне’ (1438 г., ГСБМ). Са ст.-польск. tytuł < лац. titulus ‘ганаровае званне, слаўнае імя’, ‘гонар, слава’, ‘подзвіг, заслуга’, сюды ж ст.-бел. тытуловати ‘называць’ (1622 г.) са ст.-польск. tytułować ‘называць’, якое з лац. titulāre ‘тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 198).
Тытулёвы ‘карункавы, цюлевы’ (Сцяшк. Сл.). Няясна; відавочна, ад туль, тулі (гл.), у тым ліку ‘вэлюм’, магчыма, пад уплывам тытул 2 ‘вясельны чын’.
Тыту́нь, тыту́н, туту́н, туту́нь, тітю͡он, тютю́н ‘тытунь сапраўдны, Nicotiana tabacum L.’, ‘махорка, Nicotiana rustica L.’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Бяльк., Касп., Кіс., Сцяшк., Вруб., Растарг., Сл. ПЗБ); тыті́н ‘тытунь’ (Сл. Брэс.; паўд.-брэсц., ЛА, 2); ст.-бел. тытюнъ, титюнъ, тютюнъ ‘тс’ (1685 г., ГСБМ). Запазычанне непасрэдна з тур., крым.-тат., кыпч. tütün ‘тытунь, дым’ (Фасмер, 4, 138; ЕСУМ, 5, 696), у ст.-цюрк. ‘дым’ (Др.-тюрк., 601) < tüt‑ ‘дыміцца, гарэць’, або праз польскую мову, параўн. ст.-польск. tytuń, tutuń, tiutuń, tiutiun ‘тытунь’ (Брукнер, 590; Борысь, 659). Сюды ж памянш. тытуне́ц ‘тс’ (Вушац. сл.). Гл. таксама тыцюн, ціцень.