Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тыра́да ‘доўгая шматслоўная фраза’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ‘месца, узятае цалкам з другога твору’ (Ласт.). Запазычана літаратурным шляхам праз рус. тира́да або польск. tyrada, якія з франц. tirade < італ. tirata ‘працягванне, цягненне’ з народнага лац. tirare ‘цягнуць’ (ЕСУМ, 5, 571; Фасмер, 4, 60; SWO, 1980, 786; Арол, 4, 72).

Тыра́ж ‘розыгрыш выйгрышаў’, ‘наклад друкаванага выдання’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Праз рус. тира́ж, запазычанага з франц. tirage ‘тыраж’, з першаснага значэння ‘выцягванне жэрабя’, якое ад tirer ‘цягнуць’, што выводзяць з народнай націны (Фасмер, 4, 60; ЕСУМ, 5, 571; Арол, 4, 73).

Тыра́н ‘правіцель у старажытнасці, які захапіў уладу сілай’ (ТСБМ), ‘правіцель, улада якога заснавана на дэспатызме і гвалце’, ‘кат, прыгнятальнік’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Ласт.), ты́ран ‘тс’ (Вруб.), ст.-бел. тыраннъ (1562 г.), тиранъ (1574 г.), тираннъ, тыранъ ‘тс’ (ГСБМ). Культурнае запазычанне праз еўрапейскія мовы з лац. tyrannus < ст.-грэч. τύραννος ‘неабмежаваны уладар’, паходжанне не вызначана (Махэк₂, 664; Брукнер, 590; Голуб-Ліер, 495; ЕСУМ, 5, 571). Сюды ж тыра́ніць ‘праяўляць дэспатызм, мучыць, прыгнятаць’ (ТСБМ).

Ты́раць ‘цяжка працаваць’ (Сцяшк. Сл.; Скарбы). Параўн. польск. tyrać ‘цяжка працаваць, не шкадуючы сіл і здароўя’, аргат. ‘красці’, ‘працаваць’ (Каня, Słownik), tyrać, terać ‘псаваць, нішчыць, траціць’, ‘надрывацца’, каш. tërac, tėrac ‘тс’, utërac są ‘змучыцца’, чэш. týrati ‘мучыць; катаваць (жывёл)’, славац. týrať ‘мучыць’. Арэальна, хутчэй за ўсё, запазычана з польскай мовы; узводзіцца да дыял. зах.-слав. *tyrati няяснага паходжання. Не зусім надзейна звязваецца генетычна з прасл. *turiti ‘паганяць’, ‘гнаць’, ‘турыць’ (Брукнер, 589; Махэк₂, 664; Рэйзак, 687; SEK, 5, 146–147). Пры прасл. *tiriti ‘мучыць’ да *terti ‘церці’ (Пралік, 637). Значэнне ‘красці’ ў польскай мове, відаць, у выніку збліжэння з усх.-слав. тырыць, гл.

Тыра́чыць ‘везці ў маленькай калясачцы’ (Бяльк.). Да тара́чыць, таро́чыць1 (гл.).

Тырва́ць ‘цярпець’ (Бяльк.), ст.-бел. трвати ‘трываць, цярпліва пераносіць боль, пакуты’. Са ст.-польск. trwać, польск. trwać ‘быць у пэўным стане’, ‘чакаць’, ‘працягвацца’; хутчэй мясцовы варыянт з мэтатэзай ад трываць, гл.

Тырге́нь ‘шморг’ (чавус., Нар. сл.), ‘торк’, ‘таўхель’: тырге́нь за палу (Мат. Маг. 2). Аддзеяслоўнае ўтварэнне, да торгаць1, таргануць (гл.) з дыялектным пераходам а > ы ў пераднаціскным складзе. Сюды ж тыргі́каць ‘кульгаць, ісці пакульгваючы’ (глыб., Рэг. сл. Віц.), гл. таргікаць.

Ты́ргус ‘бабка (картапляная)’ (баран., Наша слова, 1990, 2,10). Няясна; магчыма, звязана з тэгус ‘тс’ (гл.).

Ты́рзаць ‘тузаць, торгаць, шморгаць’ (лях., свісл., пін., Араш. і інш.), ‘тузаць, торгаць’, ‘кляваць (пра рыбу)’ (ТС), ‘выцягваць, выпростваць мокрую аснову пасля апрацоўкі яе зольнай вадой, лугам’ (ТС; лях., Сл. ПЗБ). Суадноснае з ту́рзаць (гл.), варыянтнасць асновы тлумачыцца экспрэсіўным характарам слова.

Тырка́н ‘чорны таракан, Blatta orientalis’ (глыб., Жыв. НС). Фанетычны варыянт да таркан, тарака́н, гл.