Ту́рзаць, ту́рзаті, ту́рзаты ‘тузаць (пра балячку, якая нарывае)’ (Сцяц., Сцяшк. Сл., Скарбы, Федар. 4, Зайка Кос., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.; пін., Нар. лекс.; пін., ЖНС), ‘нарываць’ (слонім., Нар. словатв.), ‘скубсці, разрываць’ (Ласт.), ‘тузаць лейцамі’ (ТС), ту́рзаті ‘тузаць каго-небудзь’ (Чэрн.), ту́рзаті ‘расцягваць кужаль на валокны’ (пін., Шатал.), ту́рзаць ‘торгаць, цягаць рыўкамі, рэзкімі рухамі’, ‘торгаць туды-сюды, імкнучыся адчыніць што-небудзь’, ‘нудзіць, рваць’, ‘не даваць спакою, дакучаць патрабаваннямі’ (Сл. ПЗБ). Параўн. рус. терза́ть ‘раздзіраць, рваць, мучыць’, балг. дыял. то̂рзам ‘палоць’, серб. тр̏зати ‘тузаць, рваць’, славен. trzati ‘торгаць’. Відаць, не можа разглядацца асобна ад тырзаць (гл.) з варыянтнай асновай, што ўзыходзіць да *tr̥gati з чаргаваннем фарманта і.-е. ‑g‑/‑ǵ‑, параўн. ст.-слав. тръѕати ‘тузаць, рваць, раздзіраць’ < прасл. *tъrgati (Шустар-Шэўц, 1519; ESJSt, 16, 990), у выніку трэцяй палаталізацыі прасл. *tъrzati (Сной₂, 790). Меркаванні пра запазычанне з літ. tur̃šinti ‘страсянуць, патрэсці’ (Весці АН БССР, 1971, 1, 96) непрымальныя па семантычных і фармальных прычынах, параўн. Смачынскі, 696. Сюды ж турзы́каць ‘турзаць’ (брасл., Сл. ПЗБ) з ускладненнем асновы суфіксам ‑ык‑. Параўн. торгаць, тургаць.