Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тып ‘узор, мадэль’, ‘сукупнасць якіх-небудзь характэрных рыс, якасцей’, ‘знешні выгляд’, ‘чалавек з адмоўнымі рысамі, да якога ставяцца пагардліва’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр.), ‘мастацкі вобраз’ (пач. XX ст., Прабл. бел. тэрм.), ‘постаць’ (Ласт.), ст.-бел. типъ ‘друкаваны шрыфт’ (1653 г., ГСБМ). Запазычанне (праз польскую мову) з заходнееўрапейскіх моў, параўн. франц. type ‘ўзор’, ‘від, тып’, разм. ‘арыгінал, дзівак’, ‘тып, суб’ект’, ням. Typ ‘тып, узор’, ‘форма’, ‘вобраз’, англ. type ‘тып, род, клас; тыповы прадстаўнік’, ‘сімвал, вобраз’, якія з позналац. typus ‘адлюстраванне, вобраз’, а апошняе ўзыходзіць да ст.-грэч. τύπος ‘удар’, ‘пісяг (ад удару), след’, ‘адбітак, адлюстраванне, абрыс’, ‘узор, прыклад (у Новым Запавеце)’ < τύπτω ‘б’ю’, роднаснае ст.-інд. tōpati ‘штурхае’, лат. staũpe ‘сляды конскіх капытоў’, што ўзыходзяць да індаеўрапейскага кораня *(s)teu‑ ‘біць, штурхаць’ (Фасмер, 4, 60; Брукнер, 589; Голуб-Копечны, 399; Голуб-Ліер, 495; Даза, 733–4; ЕСУМ, 5, 570; Арол, 4, 72). Сюды ж тыпо́вы ‘адпаведны ўзору’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.) < польск. typowy ‘тс’, тыпі́чны ‘тс’ (Ласт., ТСБМ) < рус. типичный ‘тс’; экспр. ты́пус ‘непрыемная асоба’ (ТСБМ), аформленае на ўзор лацінізма з суф. ‑ус, які характарызуе асоб па негатыўнай прыкмеце (Сцяцко, Афікс, наз., 70), параўн. бы́кус, гл.

Тыпагра́фія ‘друкарня’ (ТСБМ), ст.-бел. типография ‘тс’ (1633 г., ПГС). Хутчэй за ўсё, у названым значэнні запазычана праз рус. типогра́фия ‘тс’ ці непасрэдна з ням. Typographie або франц. typographie ‘тс’ (з грэч. τύπος ‘адбітак’ і γραφω ‘пішу’), гл. Арол, 4, 72; параўн. польск. typografja ‘майстэрства друку’ (Варш. сл.). Віткоўскі (Зб. Русаку, 241) для рускай мовы дапускае польскае пасрэдніцтва, відаць, праз старабеларускую мову.

Ты́паць (ты́пъць) ‘ісці (пра маленькіх дзяцей)’ (мёрск., Нар. лекс.), ‘ісці, лёгка ступаючы (пра дзяцей, старых)’ (лаг., Стан.), сюды ж ты́птацца (тыптъцца) ‘хадзіць вельмі ціха’ (мёрск., Нар. лекс.), тыпты́сь ‘дрыжэць, трэсціся’ (драг., Жыв. НС). Параўн. укр. ти́пати ‘павольна ісці’, рус. ти́пать ‘хадзіць на дыбачках (на пальчыках)’, польск. cipać ‘ісці ціха, несупынна (пра дождж)’, н.-луж. typotaś ‘дробненька тупаць’, славен. típati ‘дакранацца, кранаць’, харв. tipati ‘тс’. Прасл. *tipati ‘ціха пастукваць, ціха ісці’, магчыма, анаматапеічнага паходжання, суадноснае з прасл. *tъpati ‘тупаць’, *te(p)ti ‘біць’, *tъpъtati ‘таптаць’ (Фасмер, 4, 60; ЕСУМ, 5, 570). Стой (Бязлай, 4, 182) параўноўвае з літ. tipénti ‘хадзіць на пальчыках, на дыбачках (у тым ліку пра дзяцей, якія вучацца хадзіць)’.

Ты́пец (ты́пэц, тэ́пыц) ‘сівец, Nardus stricta L.’ (драг., Шатал.), тыпэ́ць ‘тс’ (Сл. Брэс.), тэ́пыц (драг., Жыв. НС). Гл. ціпец.

Тыпі́ро ‘зараз, цяпер’ (кам., Жыв. сл.). Мясцовы варыянт слова, фанетычна блізкі да паўд.-макед. типъ́ра, типу́ра ‘тс’ (< te‑pьrv‑ з дэйктычнай часціцы і прыметніка *pъrvь або *pъrvъ, гл. БЕР, 7, 955). Гл. тапер, тэпэр, цяпер.

Тыпсты́ ‘моцна трасці; шукаць’ (Клім.). Гл. тэпсты́.

Ты́пус ‘звычайна чалавек з адмоўнымі рысамі’ (ТСБМ). Гл. тып; у якасці дэпрэсіўнай назвы не выключана збліжэнне з ід. tipeš ‘дурань, кеп’ (з іўрыта, гл. Астравух, Ідыш-бел. сл.).