Ты́паць (ты́пъць) ‘ісці (пра маленькіх дзяцей)’ (мёрск., Нар. лекс.), ‘ісці, лёгка ступаючы (пра дзяцей, старых)’ (лаг., Стан.), сюды ж ты́птацца (тыптъцца) ‘хадзіць вельмі ціха’ (мёрск., Нар. лекс.), тыпты́сь ‘дрыжэць, трэсціся’ (драг., Жыв. НС). Параўн. укр. ти́пати ‘павольна ісці’, рус. ти́пать ‘хадзіць на дыбачках (на пальчыках)’, польск. cipać ‘ісці ціха, несупынна (пра дождж)’, н.-луж. typotaś ‘дробненька тупаць’, славен. típati ‘дакранацца, кранаць’, харв. tipati ‘тс’. Прасл. *tipati ‘ціха пастукваць, ціха ісці’, магчыма, анаматапеічнага паходжання, суадноснае з прасл. *tъpati ‘тупаць’, *te(p)ti ‘біць’, *tъpъtati ‘таптаць’ (Фасмер, 4, 60; ЕСУМ, 5, 570). Стой (Бязлай, 4, 182) параўноўвае з літ. tipénti ‘хадзіць на пальчыках, на дыбачках (у тым ліку пра дзяцей, якія вучацца хадзіць)’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)