Тапе́р ’цяпер’, тапе́ра ’тс’, тапе́ря ’тс’ (Сл. ПЗБ), тапе́рамо, тапэ́р ’тс’ (пруж., Сл. ПЗБ), тапе́рачка ’тс’ (Сцяшк. Сл.), тапе́рыка, тапе́рыцька, тапе́рыча, тапе́рычка, тапе́рычкі, тапе́рь, тапе́ря ’тс’ (Растарг.), топі́ро ’цяпер, зараз’ (драг., Нар. словатв.), топы́ро ’тс’ (кам., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. дыял. топі́ро, тупі́р, топі́рики ’тс’, рус. дыял. топе́ре, топе́рво ’тс’, польск. dopiero ’толькі што’, макед. допрва ’толькі цяпер; надалей’, ст.-слав. топръво ’ўпершыню цяпер, зараз’. Прасл. *topьr̥vo < *to pьr̥vo ’гэта ўпершыню’ з *to (гл. тое) і *pьr̥vъ (гл. першы) (Фасмер, 4, 43–44; Слаўскі, 1, 156; Борысь, 119; ЕСУМ, 5, 600).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)