Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тыга ‘прэч’ (Адм.): тыга, гад! (Я. Колас). Волевыяўленчы выклічнік, магчыма, суадносіцца з ту-га́, цюга́ (гл.). Блізкія па форме выклічнікі, параўн. укр. тег, тега, ти́га, рус. ти́га‑ти́га, те́га, те́жа служаць для падзывання гусей і лебедзяў (гл. Фасмера, 4, 55) і, мажліва, імітуюць іх крык, падобна да макед. дыял. тъга‑тъга — падзыўныя для жывёлы і інш.

Ты́гель ‘пасудзіна з вогнетрывалага матэрыялу для плаўкі, варкі, нагрэву розных матэрыялаў’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ты́гель, ты́глік ‘гаршчок для плаўкі металаў’ (Ласт.), тыге́лік, тыде́лёк ‘тыгель (патэльня)’ (Сл. Брэсц.), тыгелёк ‘каструля’ (беласт., Сл. ПЗБ). З польск. tygiel, tyglik, tygielek, tegiel, якія з с.-в.-ням. tigel, tëgel ‘гаршчок, слоік’ (Махэк₂, 663; Брукнер, 567), нова-в.-ням. Tiegel ‘нізкі гаршчок, патэльня’, апошняе ўзыходзіць да італ. старога teglia ‘патэльня’ < позналац. tēganum < ст.-грэч. τήγανον ‘тс’ (Фасмер, 4, 56; ЕСУМ, 5, 564; Арол, 4, 70).

Тыго́дзень ‘тыдзень’ (ашм., Сцяшк. Сл.), параўн. старое польск. падляш. tygoʒ́ ‘тс’ (Рэмбішэўска, Dynamika, 153). Паводле Борыся (657), адлюстроўвае гістарычнае спалучэнне са скланяльнымі формамі *tegoje dьne Р. скл. ад *tъjь dьnь ‘тыдзень’ (*tъ‑jь ‘той’ і *dьnь ‘дзень’); захавалася ў суч. польск. tegodnia, каш. tigodńa Р. скл. з пераафармленнем канца слова па ўзоры tydzień, гл. тыдзень.

Тыгр ‘буйная драпежная жывёла Panthera tigris, Felix tigris’ (ТСБМ, Нас.), ‘люты звер’ (Ласт.), ты́гра, тыгры́ца ‘тыгрыца’, перан. ‘злая жанчына’ (Байк. і Некр.), ты́г(а)р, ты́гра ‘Felix tigris’ (Некр. і Байк.), ты́гр(ыс) ‘тс’ (Пятр.), ст.-бел. тигрисъ ‘тс’ (ГСБМ). Параўн. укр. тигр, рус. тигр, рус.-ц.-слав. тигръ, ст.-слав. тигръ ‘тыгр’ (у Супрасльскім рукапісе: рѣка тигрьска ‘рака Тыгр’), якое ўзыходзіць да с.-грэч. τίγρις ‘тыгр’, апошняе было запазычана з нейкай авестыйскай лексемы, роднаснай ст.-перс. tiɣri‑ ‘страла’, tiɣra‑ ‘востры’ < і.-е. *(s)tei̯g‑ ‘калоць, басці’, ‘завостраны’ (Фасмер, 4, 56; Сной₂, 763; Голуб-Ліер, 495; ЕСУМ, 5, 564). У сучасных славянскіх мовах назвы гэтай жывёлы былі запазычаны з ням. Tiger ці з франц. tigre, якія ўзыходзяць да лац. tigris ‘тс’ (Сной, Фасмер, там жа; Махэк₂, 663; Арол, 4, 70). Ст.-бел. тигрисъ (тикгрисъ) ‘тыгр’ (1517 г.) запазычана са ст.-польск. tygris ‘тс’ у XVI ст. (Булыка, Лекс. запазыч., 144), што захавалася ў суч. польск. tygrys ‘тс’. Форма тыгра ‘тс’ (Я. Колас, М. Гарэцкі, гл. Каўрус, Словаклад) і адпаведныя дыялектныя формы ўтвораны паводле мадэлі сябра, майстра, Пётра, каб пазбегнуць неўласцівага народнай мове спалучэння зычных на канцы слова (Станкевіч, Язык, 781).