Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тхаць ‘дыхаць, веяць, павяваць’ (ТСБМ., Нас., Байк. і Некр., Нар. Гом., Др.-Падб., Гарэц.), ‘несці, пахнуць, смярдзець’ (Сцяшк. Сл., Гарэц., ТСБМ), сюды ж тханне ‘папіханне’ (Юрч. Мудр.). Гл. тхнуць.

Тхімкаць ‘жаласліва плакаць, румзаць, хныкаць’, ‘стагнаць’ (М. Нікановіч). Паводле Васілеўскага (Прадукт. тыпы, 73), ад выклічніка тхім, які перадае гукі людзей.

Тхла ‘тля, Aphidinea’ (глыб., Жыв. НС), ‘моль’ (глыб., Жыв. НС). Да тля (гл.) з устаўным ‑х‑, відаць, пад уплывам тхліць ‘даводзіць да псавання’, гл.

Тхланіць іран. ‘забяспечваць’ (Абабур.). Няясна; гл. наст. слова.

Тхлань ‘гніль, цвіль, сырасць’, ‘балоцістае месца’ (ТСБМ), ‘пекла; апраметная’, ‘прорва, бездань’ (Ласт., Некр. і Байк.), ‘цяжкадаступнае месца сярод балот і лясоў’ (зах-палес., Асоўскі, Stud. slawist., 106), ‘бездань, нетры’, ‘балота’ (Сержп. Прымхі), ‘твань’ (Нар. Гом.). Да тхліць (гл.) утворана па ўзоры твань (гл.). Відавочна, звязанае з польск. odchłań/otchłań ‘бездань’, ст.-польск. otchlań лац. ‘caribdis’ (1424 г., Najdawniejsze zab., 128), паводле Банькоўскага (2, 368, 464), слова цалкам няяснае, вядомае ў рэлігійнай літаратуры з 2‑й паловы XIV ст. у значэнні ‘бездань нябесная’; апрача яго ўжываліся таксама spusty (upusty) niebieskie, odchliska, przetchliny і нават odchliny, а таксама otkłań, на падставе апошняга ён выводзіць першасную форму *otъklanь, якое з дзеяслова *otъ‑kloniti, *otъ‑klanjati ‘адводзіць у бок’. Борысь (403) польск. odchłań ‘глыбокая прорва, прадонне, бездань’, ‘месца знаходжання душ памерлых, чысцец, пекла’ звязвае з *ot‑chłaniać < chłonąć з першасным значэннем ‘тое, што паглынае’ і параўноўвае з укр. хланути ‘прагна есці’ < хла́пнути, славен. hlániti ‘хціва хапаць мордай, рылам’ і адносіць да першаснага *xolnǫti < *xoliti ‘акружаць, абгортваць’, ‘пакрываць, засланяць’. Сумнеўна, параўн. рэдкае польск. odtchłań ‘бяздонне’ (XVI ст.), што, магчыма, да tchnąć, гл. тхнуць, тухлы.

Тхліць ‘даводзіць да гніласці’ (Нас.). Да ту́хлы (гл.) з варыянтным вакалізмам < прасл. *tъxlъ (Фасмер, 4, 128), параўн. тхлявы ‘тухлы’ (Шат.), тхля ‘тухласць’ (Ласт.), тхло ‘тухлы, гнілы пах’ (ТСБМ), ‘душна без паветра (пра рыбу пад тоўстым лёдам)’ (полац., Шн. 2), ‘недахоп кіслароду ў вадзе (на возеры)’ (глыб., Сл. ПЗБ), ‘прыдуха, задуха, замор рыбы ў возеры’ (гарад., Нар. сл., Рэг. сл. Віц.), ‘палонка, прасечаная ў лёдзе, куды выходзіць затохлая рыба’ (полац., Ялік.), ‘адтуліна, праз якую вычэрпваюць затохлую рыбу’ (полац., З нар. сл.); тхлі́ца ‘мор рыбы ад недахопу паветра’ (гродз., ЖНС), тхлі́на ‘тухлы гнілы пах’ (ТСБМ; беласт., Сл. ПЗБ), ‘гніласць’ (Байк. і Некр.), тхлосць ‘застаялы пах’ (Вушац. сл.). Параўн. рус. дыял. тхли́ца ‘рыба, якая задыхнулася ў рацэ’, паводле Фасмера (4, 129) — з *тъхлъ або *дъхлъ, гл. тохнуць, дохнуць.

Тхнуць ‘дыхнуць’, ‘павеяць, дунуць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Яруш., Нас., Гарэц.): не можэ тхнуць без гарэлкі (Сержп. Прымхі), ‘перавесці дух’ (Шат., Сцяшк.), ‘перадавацца ў паветры праз пахі, смярдзець’ (ТСБМ, Гарэц., ТС), ‘патыхаць смуродам’ (Некр. і Байк., Зайка Кос.; слонім., Нар. словатв.), тхну́ті ‘дыхнуць’ (Бес., Вруб., Кітаб Луцкевіча), тхну́ты ‘перавесці дух’ (кобр., Жыв. сл.), ‘трохі смярдзець, патыхаць’ (драг., З нар. сл.), ст.-бел. тхнути, тхнуть ‘дыхнуць’ (ГСБМ). Параўн. укр. тхну́ти, дхну́ти ‘дыхнуць, павеяць’, рус. пск. тхнуть ‘задыхнуцца (ад недахопу кіслароду, пра рыбу)’; польск. tchnąć ‘дыхнуць’, ‘дыхаць’, ‘удыхнуць’, ‘павяваць’, ст.-польск. dchnąć ‘тс’, чэш. паэт. tchnouti, ст.-чэш. dchnúti ‘дыхнуць, павеяць’. Узыходзіць да праслав. *dъxnǫti > дыхнуць, дыхаць (гл.). Формы з пачатковым т‑ з’явіліся ў выніку прыпадабнення звонкай д‑ да глухой ‑х‑ пасля страты рэдукаваных (Фасмер, 4, 129; Праабражэнскі, 2, 23–24; Брукнер, 567 і 86; Слаўскі, 1, 143; ЕСУМ, 5, 690; Борысь, 629). Сюды ж тхне́ньне ‘подых’ (Ласт.), тхнець ‘пах’: чаромхаў тхнець (А. Салавей).

Тхом у выразе: адным тхом (сказаць, зрабіць што‑небудзь) ‘на адным дыханні’ (Канкард. XIX ст.), ст.-бел. тохъ ‘уздых’ (ПГС). Дэвербатыў ад тухнуць (гл), ст.-бел. тхнути, тхнуть ‘дыхнуць’, што ўзыходзяць да прасл. *dъxnǫti ‘выдаваць дух, дыханне, пах’, параўн. польск. tchem — форма Тв. скл. ад dech ‘дыханне, дух’ (Борысь, 629). Гл. таксама тохнуць, дохнуць.

Тхор, тхур, тху͡ор, тхір, тхыр, хор(ь) ‘шашок, драпежная жывёліна сямейства куніцавых, Mustela putorius’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Бяльк., Касп., Клім., Бес., Сцяшк., Дразд., Др.-Падб., Вруб., ТС, Гарэц., Пятк. 2; паўд.-бел., Сл. ПЗБ; усх.-віц., маг., ваўк., віл., гарад., свісл., ЛА, 1): седзі моўчкі, тхуор у нары (Сержп. Прык.), тхор, тхорь ‘тс’ (Растарг.); ст.-бел. тхоръ ‘тс’, ‘футра тхара’ (ГСБМ), перан. тхор ‘баязлівец’ (Нас.), сюды ж тхары́ць ‘баяцца, палохацца’, тхарлі́вы ‘палахлівы’ (Некр. і Байк.), тхарава́ты ‘нелюдзімы, пануры (пра чалавека)’ (Рэг. сл. Віц.). Параўн. укр. тхір, хір, рус. хорь, хорёк, тхорь, стараж.-рус. дъхорь, дохорь, тхорь; польск. tchórz, tkórz, twórz, tfórz, tórz, ćkórz, каш. tvȯř, славін. tk​ȯ́ř, н.-луж. twóŕ, в.-луж. tkhóŕ, tchór, twór, чэш. tchoř, schoř, zhoř, ст.-чэш. dchoř, славац. tchor, славен. thȏr, dihúr, dehȏr, харв., tvȏr, vȍr, fȍr, por, torec, серб. тво̑р, тор, хор, то̏рац, балг. твор, трор, тор, то́рче, тръ́рче, пхорь, пор, по́рът, макед. твор, пор. Прасл. *dъxoŕь першапачаткова ‘смярдзючка’ (Бернекер, 1, 101; SP, 5, 153; Сной₂, 109; Фасмер, 4, 270; Махэк₂, 643; Скок, 1, 374; Бязлай, 1, 101; ЭССЯ, 5, 177–178; ЕСУМ, 5, 689–670). Утворана ад дзеяслова *dъxnǫti ‘смярдзець’ пры дапамозе суф. *‑oŕь. Уласцівасць тхара выдаваць з сябе смярдзючы пах выклікала шэраг падобных утварэнняў ад іншых дзеясловаў з такой жа семантыкай: смярдзюк (Жыв. сл.), польск. śmierdziel, славен. smrdak, smrduh, харв. smŕdelj, серб. смр̏дљивац, макед. смрдушка, смрдуљка (< прасл. *smŕ̥děti ‘смярдзець’), рус. дыял. бздюх ‘тхор’ (< прасл. *pьzděti ‘псаваць паветра’), а таксама ў неславянскіх мовах, напрыклад, франц. putois < ст.-франц. put ‘смярдзючы’ < лац. puter ‘гнілы, трухлявы; смярдзючы’, ‘вялы’. Варыянтнасць пачатку слова назіраецца пасля страты рэдукаваных у выніку прыпадабнення звонкага *d‑ да глухога *t‑ і іншых фанетычных працэсаў. Няма падстаў выводзіць бел. тхор ‘шашок’ з польск. tchórz (Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 5, 152), аднак пераноснае значэнне ‘баязлівец’, магчыма, з’яўляецца супольнай інавацыяй або ўтварылася на базе значэння ‘псаваць паветра ў выпадку небяспекі’, што характэрна для жывёліны, ці абазначэння скрытнага характару паводзін чалавека.