Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тхла ‘тля, Aphidinea’ (глыб., Жыв. НС), ‘моль’ (глыб., Жыв. НС). Да тля (гл.) з устаўным ‑х‑, відаць, пад уплывам тхліць ‘даводзіць да псавання’, гл.

Тхланіць іран. ‘забяспечваць’ (Абабур.). Няясна; гл. наст. слова.

Тхлань ‘гніль, цвіль, сырасць’, ‘балоцістае месца’ (ТСБМ), ‘пекла; апраметная’, ‘прорва, бездань’ (Ласт., Некр. і Байк.), ‘цяжкадаступнае месца сярод балот і лясоў’ (зах-палес., Асоўскі, Stud. slawist., 106), ‘бездань, нетры’, ‘балота’ (Сержп. Прымхі), ‘твань’ (Нар. Гом.). Да тхліць (гл.) утворана па ўзоры твань (гл.). Відавочна, звязанае з польск. odchłań/otchłań ‘бездань’, ст.-польск. otchlań лац. ‘caribdis’ (1424 г., Najdawniejsze zab., 128), паводле Банькоўскага (2, 368, 464), слова цалкам няяснае, вядомае ў рэлігійнай літаратуры з 2‑й паловы XIV ст. у значэнні ‘бездань нябесная’; апрача яго ўжываліся таксама spusty (upusty) niebieskie, odchliska, przetchliny і нават odchliny, а таксама otkłań, на падставе апошняга ён выводзіць першасную форму *otъklanь, якое з дзеяслова *otъ‑kloniti, *otъ‑klanjati ‘адводзіць у бок’. Борысь (403) польск. odchłań ‘глыбокая прорва, прадонне, бездань’, ‘месца знаходжання душ памерлых, чысцец, пекла’ звязвае з *ot‑chłaniać < chłonąć з першасным значэннем ‘тое, што паглынае’ і параўноўвае з укр. хланути ‘прагна есці’ < хла́пнути, славен. hlániti ‘хціва хапаць мордай, рылам’ і адносіць да першаснага *xolnǫti < *xoliti ‘акружаць, абгортваць’, ‘пакрываць, засланяць’. Сумнеўна, параўн. рэдкае польск. odtchłań ‘бяздонне’ (XVI ст.), што, магчыма, да tchnąć, гл. тхнуць, тухлы.

Тхліць ‘даводзіць да гніласці’ (Нас.). Да ту́хлы (гл.) з варыянтным вакалізмам < прасл. *tъxlъ (Фасмер, 4, 128), параўн. тхлявы ‘тухлы’ (Шат.), тхля ‘тухласць’ (Ласт.), тхло ‘тухлы, гнілы пах’ (ТСБМ), ‘душна без паветра (пра рыбу пад тоўстым лёдам)’ (полац., Шн. 2), ‘недахоп кіслароду ў вадзе (на возеры)’ (глыб., Сл. ПЗБ), ‘прыдуха, задуха, замор рыбы ў возеры’ (гарад., Нар. сл., Рэг. сл. Віц.), ‘палонка, прасечаная ў лёдзе, куды выходзіць затохлая рыба’ (полац., Ялік.), ‘адтуліна, праз якую вычэрпваюць затохлую рыбу’ (полац., З нар. сл.); тхлі́ца ‘мор рыбы ад недахопу паветра’ (гродз., ЖНС), тхлі́на ‘тухлы гнілы пах’ (ТСБМ; беласт., Сл. ПЗБ), ‘гніласць’ (Байк. і Некр.), тхлосць ‘застаялы пах’ (Вушац. сл.). Параўн. рус. дыял. тхли́ца ‘рыба, якая задыхнулася ў рацэ’, паводле Фасмера (4, 129) — з *тъхлъ або *дъхлъ, гл. тохнуць, дохнуць.