Тля ’дробнае насякомае, якое жывіцца сокам раслін’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Сцяшк., Арх. Вяр.), ’моль, Acarus’: тля мучная, сырная (Ласт.), ’плесня, мох на чым-небудзь гнілым; прах; моль, дробныя чарвякі’ (Нас.), ’плесня’ (Байк. і Некр.), тля́га ’тля’ (Барад.), ст.-бел. тля ’тля’ (1489 г., КГС). Укр. тля, дыял. тлі́я, рус. тля ’тс’. Звязваюць з прасл. *tьliti ’хутка і прагна есці, паглынаць; выгадоўваць, адкормліваць; губіць, знішчаць, псаваць, пажыраць’, параўн. стараж.-рус. тьлити ’псаваць, пажыраць’, роднаснае *tьlěti ’тлець’ (гл. тлець). Акрамя таго, супастаўляецца з грэч. τῖλάω ’вадкія экскрэменты’, ’хварэю на панос’, лат. tĩrelis ’балота’, літ. týras ’балота; чысты’, tỹrė ’каша’, што няпэўна (ЕСУМ, 5, 583; Фасмер, 4, 65).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)