Тлець, тле́цца ’гніючы, разбурацца’, ’гарэць без полымя’, ’гніць, трухлець, парахнець’ (ТСБМ, Гарэц., Некр. і Байк.), ’гарэць без полымя’; ’гніць’, (Ласт., ТС), tlyeć ’бедаваць, цярпець нястачу’ (Федар. 4), тлі͡еті ’гніць, слаба гарэць’ (Вруб.), ст.-бел. тлети ’тс’ (XV ст., КГС), сюды ж тліць ’ператвараць у прах’ (Нас.). Укр. тлі́ти ’гнісці, распадацца, разбурацца’, рус. тлеть ’тс’, ’гарэць без полымя’, польск. tleć ’тс’, н.-луж. tłaś ’гнісці, разбурацца’, в.-луж. tłać ’тс’, чэш. tlít ’гнісці; павольна гаснуць’, славац. tlieť ’павольна гаснуць, тлець’, славен. tléti ’ціха без полымя гарэць; гнісці, распадацца’, макед. тлее ’гаснуць’, балг. тле́я ’гарэць без полымя; гнісці’, ст.-слав. тьдѣти ’тлець, гнісці, псавацца, гінуць’. З прасл. *tьlěti ’тлець’, звязанага з *tьliti ’губіць, псаваць’ і роднаснага да лат. tilt ’мякчэць, выбельвацца (пра лён)’. Лічаць верагоднай і сувязь з літ. tìlti ’сціхаць, замаўкаць’, tylė́ti ’маўчаць’, tylùs ’ціхі, маўклівы’, грэч. τέλμα ’калюжа, балота’, τελμίς ’гніль, твань’, арм. tełm, tiłm ’глей, гразь’, і.-е. *tel‑ ’быць ціхім’. Мартынаў (Язык, 30–31, 88) лічыць прасл. *tьlěti роднасным да *tьlo ’апрацаваная (выпаленая) зямля’, якое параўноўваецца з прагерм. tila, гоц. til ’урадлівая зямля’, асец. tillaeg ’ураджай’; паводле Куркінай (Этнолингвистика, ономастика, этимология. Екатеринбург, 2009, 151), *tьlo ’тс’ ад *tьlěti ’гарэць без полымя’, параўн. рус. дыял. тлиль ’выпаленае месца ў лесе’, ’выпалены ўчастак ў лесе, што засяваецца і дае добры ўраджай’, якое суадносіцца з серб.-харв. тљати ’спаць’, адсюль развіццё прыметы ’слабое праяўленне дзеяння, працэсу’ ў ’гарэць без полымя’. Фурлан (Бязлай, 4, 187) на падставе тло н. р., да тла: дровы догорѣли до тла (Нас.), ст.-слав. тьло, тьлꙗ ’цвёрдая зямля’, стараж.-рус. тьло ’зямля; под’ выводзіць адназоўнікавыя дзеясловы прасл. *tьlěti, *tьliti, роднасныя прасл. *toliti ’заміраць, супакойваць’ (гл. таліць 1). Гл. яшчэ Фасмер, 4, 64; Махэк₂, 645; ЕСУМ, 5, 583; Борысь, 634 (адназоўнікавы дзеяслоў з семантыкай ’ператварацца ў зямлю’); Жураўлёў, Язык и миф, 110–111.