Тло1 ’тое, што сатлела, спарахнела, згніло; тлен, прах, попел’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр.), ’прах, попел, тлен’ (Нас.), тлё ’гніль, парахно’: бадай сена да тлём стала (гом., Рам. 8). Аддзеяслоўны назоўнік ад тлець (< *tъlěti) ’гніць; паціху гарэць’ (гл.) з семантыкай ’вынік працэсу’; сюды ж, відаць, і тля ’?’: нехай цебе тля тлиць (Нас.) у значэнні суб’екта дзеяння (’агонь’?).

Тло2 ’аснова’ (Сцяшк.), ст.-бел. тло ’дно’ (пач. XVII ст., КГС). Укр. тло ’аснова’, рус. дыял. тло ’дно, аснова’, стараж.-рус. тьло ’зямля, грунт, падлога’, польск. tło ’фон; грунт; под у печы’, н.-луж. tło ’падлога, паласа зямлі, краіна’, в.-луж. tło ’падлога’, чэш. дыял. tlo, tla ’дашчаная столь’, славац. tlo ’столь’, славен. tlò, tlà ’грунт, зямля; падлога’, серб.-харв. тло̏ ’тс’, макед. тло ’грунт’, ст.-слав. тьло. З прасл. *tьlo ’дно, аснова, грунт’, роднаснага да *stьlati ’рассцілаць, слаць’. Далей роднаснае да літ. tìlė ’дошчачка з насцілу ў лодцы; палена, шчапа’, tìlės ’дашчаны насціл на дне чаўна’, tìltas ’мост’, pãtalas ’пасцель’, лат. tals, tale ’выбельванне (лёну)’, tilts ’мост’, прус. talus ’падлога’, ст.-в.-ням. dilla, dili ’маснічына’, ст.-ісл. þel ’грунт, аснова’, ст.-ірл. talam ’зямля’, лац. tellūs ’тс’, грэч. τηλί ’дошка для гульні’, ст.-інд. talam ’раўніна’ на падставе і.-е. *tel‑ ’плоскі’, ’рассцілаць’ (Борысь, 634; ЕСУМ, 5, 584; Фасмер, 4, 65; Брукнер, 571; Махэк₂, 645; Бязлай, 4, 186; Каруліс, 2, 406–407).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)