Тхлань ‘гніль, цвіль, сырасць’, ‘балоцістае месца’ (ТСБМ), ‘пекла; апраметная’, ‘прорва, бездань’ (Ласт., Некр. і Байк.), ‘цяжкадаступнае месца сярод балот і лясоў’ (зах-палес., Асоўскі, Stud. slawist., 106), ‘бездань, нетры’, ‘балота’ (Сержп. Прымхі), ‘твань’ (Нар. Гом.). Да тхліць (гл.) утворана па ўзоры твань (гл.). Відавочна, звязанае з польск. odchłań/otchłań ‘бездань’, ст.-польск. otchlań лац. ‘caribdis’ (1424 г., Najdawniejsze zab., 128), паводле Банькоўскага (2, 368, 464), слова цалкам няяснае, вядомае ў рэлігійнай літаратуры з 2‑й паловы XIV ст. у значэнні ‘бездань нябесная’; апрача яго ўжываліся таксама spusty (upusty) niebieskie, odchliska, przetchliny і нават odchliny, а таксама otkłań, на падставе апошняга ён выводзіць першасную форму *otъklanь, якое з дзеяслова *otъ‑kloniti, *otъ‑klanjati ‘адводзіць у бок’. Борысь (403) польск. odchłań ‘глыбокая прорва, прадонне, бездань’, ‘месца знаходжання душ памерлых, чысцец, пекла’ звязвае з *ot‑chłaniać < chłonąć з першасным значэннем ‘тое, што паглынае’ і параўноўвае з укр. хланути ‘прагна есці’ < хла́пнути, славен. hlániti ‘хціва хапаць мордай, рылам’ і адносіць да першаснага *xolnǫti < *xoliti ‘акружаць, абгортваць’, ‘пакрываць, засланяць’. Сумнеўна, параўн. рэдкае польск. odtchłań ‘бяздонне’ (XVI ст.), што, магчыма, да tchnąć, гл. тхнуць, тухлы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)