Ту́хнуць 1 ‘пераставаць гарэць, свяціць’, ‘гаснуць’ (Некр. і Байк.; в.-дзв., Сл. ПЗБ, ТС, Варл.): его зорка тухне (Сержп. Прымхі), ‘слабець, памяншацца’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Некр.), ‘спадаць (пра пухліну)’, ‘змяншацца’ (беласт., Сл. ПЗБ), ту́хнуті ‘гаснуць’ (Вруб.). Параўн. укр. ту́хнути ‘гаснуць’, ‘спадаць (пра пухліну)’, рус. ту́хнуть ‘гаснуць’, стараж.-рус. потухнути ‘патонуць’, ‘сціхнуць’; ц.-слав. потухнѫти ‘спадаць (пра пухліну)’; польск. tęchnąć ‘тс’, чэш. tuchnouti ‘гаснуць’, ‘губляцца, знікаць’, мар.-славац. duchnúť ‘гаснуць’. Прасл. *tuxnǫti, другаснае *tǫxnǫti ‘спадаць, змяншацца’ знаходзіцца ў сувязі з каўзатывам прасл. *tušiti ‘сцішыць, супакоіць, прыглушыць, прыгасіць’ (гл. тушы́ць) (Борысь, 630; Сной₂, 790); параўноўваюць з роднаснымі формамі літ. tausýtis ‘сціхаць (аб ветры)’, прус. tusnan ‘спакойны’, ст.-ірл. tó ‘ціхі, маўклівы’ (< *tauso‑), ст.-інд. tōṣáyati ‘заспакойваецца’, авест. tušňa‑, tušni‑ ‘ціхі’ (Фасмер, 4, 128; Махэк₂, 660; Скок, 3, 528; Трубачоў, Этимология–1965, 61; ЕСУМ, 5, 687).
Ту́хнуць 2 ‘загніваць і непрыемна пахнуць’ (ТСБМ, Касп.), ‘тхнуць, гніць’ (Некр. і Байк.), ‘смярдзець, псавацца’ (Яруш., Гарэц.), ‘выдаваць смурод (ялавічына, рыба і інш.)’ (Нас., Бяльк.), ту́хнуці ‘тс’ (беласт., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. ту́хнути ‘псавацца, рабіцца нясвежым’, рус. ту́хнуть ‘псавацца, пратухаць’, польск. tęchnąć ‘тс’, чэш. tuchnouti ‘тс’, славац. tuchnúť ‘тс’, в.-луж. tychnuć ‘пратухаць’, харв. tuhnuti ‘смярдзець, пахнуць гніллю’, серб. тукнути ‘тс’, славен. túhniti, tóhniti ‘смярдзець’. Разглядаецца як вытворнае ад папярэдняга слова з развіццём значэння ‘гаснуць, слабець, спадаць’ > ‘псавацца з-за адсутнасці праветрывання, плеснявець, смярдзець’ (Янышкава, Prasl. dijalektizacija, 117, гл. таксама Борысь, 631, інакш — Махэк₂, 660, які бачыў у гэтых формах незалежныя амонімы). Меркаванне аб розным паходжанні тухнуць 1 і тухнуць 2 прапануецца ў Фасмер, 4, 128; Арол, 4, 122; процілеглыя думкі пра паходжанне слоў у Бязлай (4, 244) дэманструюць Сной: прасл. *tъxnǫti ‘згаснуць’ > ‘набыць слабы пах’ з другасна назалізаваным *tǫxnoti, і Фурлан: прасл. *tuchъ ‘смурод, задуха’ звязвае з прасл. *tukati ‘таўчы, біць’, што параўноўваецца са славен. udárati ‘смярдзець, пахнуць чым-небудзь’; да апошняга гл. тухляк у розных значэннях.
Ту́хнуць 3 ‘спаць (гаворыцца з пагардай)’ (Нас., Рэг. сл. Віц.), ‘доўга спаць’ (Васільковая сп., Мат. Гом., Мат. Маг.), ‘спаць беспрабудна’ (Варл., Некр.), сюды ж то́хнуць ‘спаць, задаючы храпака’ (Нас.), тухля́ць ‘доўга спаць’ (Сцяшк. Сл.), ту́хляць ‘ляжаць, пазбягаць працы, валяцца’ (Зайка Кос.), тухля́к (tuchlák) ‘соня, сонька’ (ваўк., Федар. 4). Параўн. рус. смал., пск. ту́хнуць ‘спаць’. Відавочна, рэгіянальны экспрэсіўны наватвор на базе тухнуць 1 ‘супакойвацца’, таго ж паходжання рус. смал. вы́тухнуться ‘выспацца’ (Анікін, РЭС, 9, 205). На экспрэсіўны характар слова паўплывала таксама тухнуць 2 і тухлы (гл.), параўн. укр. аргат. пу́хнути ‘спаць’ (Горбач, Арго школярів).