Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тыц — выклічнік, выражае раптоўнае дзеянне, нечаканую з’яву, сустрэчу (Нас., Пятк. 2, Сержп. Прык., ТС; даўг., іўеў., астрав., шальч., Сл. ПЗБ; мсцісл., Нар. лекс.): а ім у варотах тыц — Дыдона («Энеіда навыварат»), тыц! стаў конь, наравіцца! (Ф. Багушэвіч), ‘дотык’: вады на тыц рукі; тры разы тыц рукой (леп., Нар. медыцына), тыц‑тыц ‘тык-мык, пык-мык’: тыц‑тыц, і няма чаго сказаць (астрав., Сл. ПЗБ), тыц‑мыц ‘тык, тыц’ (карэліц., Нар. словатв.). Параўн. укр. тиць — для выражэння нечаканай сустрэчы (ад дзеяслова ткнути), тыць‑миць ‘тык-мык’, рус. дыял. тыц — пра раптоўны рух, польск. tyc — водгалас утыкання (Вілен. сл.). Да ты́каць (гл.). Карэннае ‑ц узыходзіць да формы заг. ладу прасл. *tykati*tъci (ЕСУМ, 5, 577). Сюды ж тыцаті ‘шукаць’ (пін., Шатал.; Сл. Брэс.), тэ́цнутэ (ногою) ‘даць выспятка’ (драг, Ск. нар. мовы), ты́цяты ‘рабіць што-небудзь, пераходзячы з месца на месца’, а таксама ўскладненыя суфіксамі вытворныя ты́цкаць ‘тыкаць’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Нар. Гом., Др.-Падб.); ты́цканне ‘тыканне пальцам’ (Ласт.), ‘звяртанне ўвагі на што-небудзь зробленае дрэнна, як бы папікаючы’ (Нар. Гом.); ты́цкацца ‘лезці ў чужую справу’ (Шат.), ‘соваць, тыцкаць’ (Касп.); ты́цнуць ‘сунуць’ (Жд. 1, ТС; люб., ЖНС), ты́цнуцца ‘ўсунуцца, умяшацца’ (Юрч. СНЛ), тицʼнути ‘тс’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), ты́цьнуты ‘ткнуць’ (Клім.). Талстой (ЛП, 17) параўноўвае апошняе слова з серб.-харв. ти́цаті ‘датыкацца’; Скок (3, 429) разглядае яго як вынік другаснай палаталізацыі з прасл. *tъk‑, гл. таксама Глухак, 618.

Тыце́яць, тыті́яти ‘моцна і голасна сварыцца’ (драг., Ск. нар. мовы). Няясна. Магчыма, ад тыц, гл.

Ты́цкала ‘падкалочаная малаком і мукой яечня’ (Сцяшк.), ты́цкало ‘смятана’ (Сцяшк. Сл.), ты́цкалка ‘мачанка’ (Жд. 2). Усе ўтвораны ад ты́цкаць ‘тыкаць, макаць’, гл. тыц.

Тыць ‘таўсцець’ (Скарбы): razumny sochnie, a durny tyje (ваўк., Федар. 4), ты́яць ‘тлусцець, паўнець’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. укр. ти́ти ‘тлусцець’, рус. ты́ти, стараж.-рус. тыти ‘сыцець, паўнець, гладчэць’; польск. tyć ‘тс’, н.-, в.-луж. tyś ‘квітнець’, чэш. týt, славац. tyť, серб. ти̏ты ‘паўнець, тлусцець’, ‘буйна разрастацца’, харв. tȉti ‘тс’, балг. ту́чен ‘тлусты’, макед. тучен ‘тлусты’, ‘урадлівы’, ст.-слав тыти ‘паўнець’. Прасл. *tyti ‘гладчэць’, ‘набухаць, набрыньваць’ роднаснае літ. tùkti ‘тлусцець’, лат. tȗkt ‘пухнуць, набрыньваць’, вал. tyfu ‘расці’, лац. tumēre ‘быць раздутым’, ст.-інд. tū‑ya‑ ‘моцны, хуткі’, авест. tavás‑ ‘моцны’ < і.-е. *teu̯(ə)‑/*tou̯‑/*tū̆‑ (Фасмер, 4, 144; Скок, 3, 475; Брукнер, 587; Махэк₂, 655; Голуб-Копечны, 399; Борысь, 657; ЕСУМ, 5, 575; ESJSt, 17, 1003). Параўн. таксама тыл, тук. Апафанічны варыянт прасл. *tyti ў форме *toviti захаваўся ў харв. tòviti ‘адкормліваць жывёлу’, otâva ‘другі сенакос’ (Скок, 3, 475; Куркіна, Этимология–1976, 25), гл. атава і, магчыма, товіст ‘тоўсты’ (гл.), вывядзенне якога з *tl̥stъ (гл. Карскі 1, 257) выклікае пэўныя фармальныя цяжкасці, у такім выпадку значэнне магло быць ‘адкормлены’.

Тыцю́н ‘тытунь’: Czy ŭ tèbe tyciùn je? (Федар. 4). Гл. тытунь; мажліва, набліжанае да тыц (гл.) пры спажыванні нюхальнай табакі.

Ты́цяты ‘рабіць што-небудзь, пераходзячы з месца на месца’ (кам., ЖНС); 3‑я ас. адз. л. ты́цяе ‘цягнецца, пляцецца, ціха ідзе’ (Бес.). Няясна; магчыма, роднаснае чэш. tejcet ‘бадзяцца, швэндацца, ацірацца, лазіць (з месца на месца)’ — старачэшскае ў адносінах да яго (у выніку падаўжэння ъ > y) было б ⁺tycěti (Махэк₂, 638). Да прасл. *tekti, адкуль цячы (гл.). Семантычна суадносіцца з ты́цаті ‘шукаць’ (Сл. Брэс.), якое, аднак, бліжэй да ўкр. ти́цяти, ти́цькати ‘біць заднімі нагамі’, серб. ти́цаты ‘датыкацца’, славац. tycať ‘торкаць’, што да прасл. *tycati, *tъknǫti (ЕСУМ, 5, 566, 577), гл. тыц.