Тук1 ‘растоплены тлушч’ (Гарэц., Некр. і Байк., Варл., Шат., Касп., Жд. 1, 3, Бір.; бялын., Янк. Мат.; петрык., лун., Шатал.; мсцісл., драг., З нар. сл., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), ‘ператопленае авечае сала’ (Сцяшк.), ‘рыбін тлушч’ (Ласт.), ‘сыць; пажыўная якасць харчовага прадукта, але не тлушч’ (Некр. і Байк., Нік., Оч.), ‘плодная сіла зямлі’: колы й сахары … не можна чысціць або мыць, бо ат гною не будзе ў зямлі туку (Сержп. Прымхі), то̂к ‘растоплены тлушч’ (маз., ГЧ), ст.-бел. тукъ ‘тс’ (ГСБМ): тукъ земли ‘зямное багацце’ (Скарына, ГСБМ). Укр. тук, рус. тук, стараж.-рус. тукъ ‘тлушч, сала’, ц.-слав. тукъ ‘сала, цвёрды тлушч’; польск., н.-, в.-луж. tuk ‘тлушч’, польск. паўн.-зах., каш. tuk ‘касцявы мозг’, чэш., славац. tuk, харв. чак. ту̏к, ту̂к ‘тлушч’, балг. тук ‘сала, тлушч, навар’, макед. тук ‘растоплены свіны тлушч’, ‘сок з печанага мяса’, ‘кружкі тлушчу на паверхні варыва’, ст.-слав. тоукъ ‘тлушч’, ‘тлустасць, плоднасць, сакавітасць’. Прасл. *tukъ ‘жывёльны тлушч’ — суфіксальны дэрыват з чаргаваннем галосных ад *tyti (гл. тыць), роднасныя: літ. táukas ‘кавалак сала’, ‘жывот’, taukaĩ ‘тлушч, сала’ < tùkti ‘таўсцець’, лат. tàuks ‘тлусты’, ст.-прус. taukis ‘сала’ < і.-е. *touk‑o‑s; ст.-англ. þīoh, þēoh, ст.-в.-ням. diech ‘тук’ < þeuhos < і.-е. *teukos — узыходзяць да і.-е. асновы *tū‑ ‘набрыняць’, ‘разбухаць, набухаць’ (Фасмер, 4, 116; Махэк₂, 660; Брукнер, 683; Скок, 3, 475; Борысь, 652–653; Буга, Rinkt., 2, 633; Каруліс, 2, 378; ESJSt, 17, 997; ЕСУМ, 5, 670). Сюды ж з абнаўленнем семантыкі суч. тук ‘мінеральнае ўгнаенне’ (ТСБМ).

Тук2 ‘дух’: од старого й тук неважны йдзе (ТС). Няясна; магчыма, да папярэдняга слова, якое набліжана да туск ‘пот, выпарэнне’. Параўн., аднак, серб. ту̏кнути ‘прыпахваць дрэнным пахам, смярдзець’, што, напэўна, адлюстроўвае варыянтнасць х/к у параўнанні з ту̏хнути ‘пратухаць, псавацца’; у беларускай мове, відаць, падобнае чаргаванне назіраецца пад уплывам балцкага субстрату, што дазваляе звязаць слова з тухлы, гл.

Тук3 — пра ціхі стук (мсцісл., Нар. лекс.). Як і стук (гл. стукаць) — гукапераймальнага паходжання, палаталізаваны варыянт цюк (гл.), параўн. чэш. ťuk, ťuky ‘стук-стук’. Аналагічна літ. táukšt ‘стук, грук’. Сюды таго ж паходжання дзеяслоў ту́каць ‘кляпаць касу’ (Касп.), ‘стукаць’ (Сцяшк.), ‘біцца (пра сэрца), стукаць, удараць’ (Гарэц., Др.-Падб., Сцяшк.), параўн. серб. дыял. ту̏кнути ‘паціху стукнуць’ (Фасмер, 4, 116; Махэк₂, 660; ЕСУМ, 5, 671), а таксама аддзеяслоўны назоўнік інтэнсіўнага дзеяння ту́кат ‘тупат’ (Адм., Сцяшк.), параўн. чэш. ťukot ‘стук, грук’ (Махэк₂, 660), і вытворны дзеяслоў тукаце́ць ‘стукаць’ (Зайка Кос.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)