Ты́тул 1 ‘загаловак кнігі’, ‘першая старонка кнігі, тытульны ліст’ (ТСБМ, Гарэц., Некр. і Байк.), ст.-бел. тытулъ, тителъ, титулъ ‘загаловак, назва’, ‘надпіс’. Са ст.-польск. tytuł ‘тс’, якое з лац. titulus ‘тс’, ‘надмагільны надпіс’, ‘подпіс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 188), у ВКЛ таксама ‘прычына, падстава, права’ (Жлутка).
Ты́тул 2 ‘ганаровае або дараванае дваранскае званне (барон, князь, граф)’ (ТСБМ, Некр. і Байк.): у каго ў шкатуле, той і ў тытуле (брасл., Рабк.), ‘вясельны чын асоб, што маюць акрэсленыя функцыі ў рытуале’ (беласт., Этнагр. зб., 112), ст.-бел. тытулъ, титулъ ‘тытул, званне’ (1438 г., ГСБМ). Са ст.-польск. tytuł < лац. titulus ‘ганаровае званне, слаўнае імя’, ‘гонар, слава’, ‘подзвіг, заслуга’, сюды ж ст.-бел. тытуловати ‘называць’ (1622 г.) са ст.-польск. tytułować ‘называць’, якое з лац. titulāre ‘тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 198).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)