Нуда́ 1 ’нячыстасць на целе і на галаве; бядота, голад; сум, нудота’ (Нас.), ’нудота, сум; моташнасць’ (Бяльк., Гарэц., Шат., Сл. ПЗБ), ’маркота; бядота’ (Касп.), ’сум, гора; галеча’ (Яруш.), ’маркота, сум, хандра’ (Мал.), ’маркота; вошы’ (Пятк. 2), ’хвароба раслін’ (Сцяшк.), ’галеча, нястача’ (Нік. Очерки), ’моташнасць’ (ТС), ну́джа ’моташнасць; сум, маркота’ (Клім.), ’нудны чалавек’ (ТС), укр. нуда́ ’маркота, сум; моташнасць’, рус. нуда́ ’прымус; надаедлівасць; сум, маркота; спёка; насякомыя (камары, машкара і інш.); кароста, нячыстасць на целе; цяжкае становішча, турбота, голад’, польск. nuda ’маркота; нудота; сум; вошы; нудны чалавек’, славен. nȗdo, nüda ’заробак, плата’, серб.-харв. кайк. nuda ’тс’. Вытворнае ад *nuditi (гл. нудзіць), насуперак Фасмеру (3, 88: нудить ад нуда), як хада ад хадзіць і пад.
Нуда́ 2 ’так, але’ (карэл., Нар. лекс.). Відаць, запазычана з рус. прастамоўн. ну да́ ’тс’ < ну (гл.) і да ’так’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)