Ды́ба́ць ’чыкільгаць, ісці’ (БРС, Нас.), ’павольна ісці’ (Касп., Бяльк., Сл. паўн.-зах., Жд. 2). Рус. ды́ба́ть, укр. ди́бати, польск. dybać ’падпільноўваць; падкрадвацца’, славац. dibať, серб.-харв. dibati ’хістацца, гайдацца’ і г. д. Прасл. *dybati (агляд форм і семантыкі ў Трубачова, Эт. сл., 5, 197–198). У аснове ляжыць тэарэтычная база *dъb‑ (< *dŭbo‑), якую параўноўваюць з герм. *tuppa‑ ’пучок валасоў, каса’; матывацыю гл. у Трубачова, там жа. Форма *dybati — ступень падаўжэння. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 557. Аддзеяслоўным прасл. утварэннем з’яўляецца *dyba (з рознымі значэннямі; агляд гл. у Трубачова, там жа, 197); сюды адносіцца і бел. ды́бы ’хадулі; доўгія ногі’, ды́ба ’прылада катавання’ (БРС), ’слуп у студні, на якім вісіць крук для выцягвання вядра з вадой’ (Касп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)