Каба́т ’жаночая цёплая камізэлька; безрукаўка’ (БРС, Бяльк., Гарэц., Грыг., Інстр. I, Касп., Малч., Мат. АС, Мат. Гом., Мядзв., Нас., Некр., Рам., Серб., Сержп. Грам., Шн. 3, Ян., Янк. 3., Яруш.), ’рознае адзенне’ (Жыв. сл.), ’сукенка’ (Касп.), ’безрукаўка’ (капыл., КЭС), ’дзіцячая кофтачка на падбіўцы’ (Шатал.). Укр. кабат ’куртка, кафтан’, рус. кабат ’куртка, кофта’, рус. зах.-бран. кабат ’ліф, верхняя частка сарафана’, польск. kabat ’кафтан’, в.-луж. kabat ’кафтан’, чэш. kabát ’паліто’, славац. kabat (у розных значэннях, напр. ’спадніца’ (Kalal)). У паўдн.-слав. мовах запазычана іншым шляхам, пра што сведчыць фанетыка слова: балг. кавад, кават, кавак, серб.-харв. ка̏ва̄д, якія з перс. kabā ’кафтан’ пры пасрэдніцтве с.-грэч., н.-грэч. моў, гл. БЕР, 2, 119. Відаць, перс. форма з’яўляецца крыніцай і для зах.-еўрап. слоў, аднак няясным застаецца шлях запазычання. Для бел. слова таксама існуе праблема непасрэднай мовы-крыніцы. Рус. кабат вядома на поўначы і на сумежжы з беларускай тэрыторыяй. Яно можа разглядацца як пранікненне з бел. гаворак. Некаторыя значэнні польскага слова (’верхняя вопратка’ і, напрыклад, паводле WIEP-ill. kabat ’кафтан, пераважна жаночы’), а таксама распаўсюджанае слова на беларускай тэрыторыі дазваляюць меркаваць, што крыніцай запазычання быў польскі перыферыйны дыялект. На карысць гэтага наяўнасць слова ў сумежных літоўскіх гаворках са значэннямі ’сукенка без рукавоў’ (kabãčius) і ’жаночы кафтанны (kóbotas).