Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ту́ба ‘музычны інструмент’, ‘цюбік’ (ТСБМ), ‘рупар’ (Ласт.). Запазычана праз нямецкую мову з італ. tuba ‘музычны інструмент’, якое з лац. tuba ‘труба’, вядомае яшчэ з часоў Старажытнага Рыма, пры дапамозе слова падавалася каманда да наступу або адступлення войска. Магчыма, з’яўляецца роднасным лац. tībia ‘жалейка’, ‘галёначная косць’ (ЕСУМ, 5, 666; Арол, 4, 112).

*Ту́бал, ту́бол ‘тулава’, побач з ту́лоб, ту́луб ‘тс’ (пін., Дразд.). У выніку перастаноўкі зычных л…б > б…л. Гл. ту́лаб.

Ту́балка ‘мясцовая, карэнная жыхарка’: вона ту́балка, а я на́волоч (лельч.; Цыхун, уласн. зал.), ту́болка, ту́боліца ‘тс’ (ТС), ту́болец: ве́чны ту́болец ‘карэнны жыхар’ (там жа), ту́балец ‘тс’ (маз., ГЧ, Скарбы), ту́бельнік ‘старажыл’ (Зайка Кос.), ту́бальцы ‘мясцовыя жыхары’ (слуц., Сержп. Казкі), сюды ж tubòleczny ‘тутэйшы’ (Арх. Федар.) і семантычна пашыранае ту́бальніца ‘ўласніца маёмасці, валадарка’ (каліны., Сл. ПЗБ). Вынік трансфармацыі дээтымалагізаваных тубылка, тубы́лец (гл.), параўн. таксама фанетычна дэфармаваныя тулубка (з метатэзай) і ту́палец (з аглушэннем б > п) (ТС).

Туба́н ‘натоўп, юрма’ (Вушац. сл.). У выніку метатэзы галосных з табун (гл.).

Тубарам, ст.-бел. тубаромъ ‘ноччу’: тубаром то ест в полню (ГСБМ). Няясна. Знешне падобна да архаічнага рус. ту́пора ‘ў тую пару, у той час, калі’, што выводзіцца з *въ ты поры ‘ў тую пару’ (Анікін, РЭС, 9, 81). Параўн. тупраш, гл.

Тубарэ́тка ‘табурэтка’ (Мат. Гом.). Гл. табурэт (з перастаноўкай галосных).

Ту́бачнік ‘крапінец чубаты, Polygala comosa Schkuhr’ (даўг., Сл. ПЗБ), tʼubačńik ‘палявая расліна’: sʼʼcʼʼabło і tam … jak trʼubačkʼi takʼija try cʼʼvʼatki (Брасл. сл.). Названы паводле формы кветкі, падобнай да тубы (цюбіка), гл.

Ту́бель ‘від гэбля’: тубелям дзелаюць філінговыя дзверы (свісл., Шатал.), ту́блі выбіраюць вузкія фальцы на абшыўцы (Сцяшк.). Не зусім ясна. Відаць, з ням. dóppelt, ці ⁺Doppelhobel ‘гэбель, які выбірае падвойныя пазы’ (гл. яшчэ дубальт).

Туберкулёз ‘сухоты’ (ТСБМ, Брасл. сл.). Штучнае слова, утворана ад лац. tūberculum — памяншальнага лац. tūber ‘клубень’, ‘горб’, ‘шышка, пухліна’, ‘нарасць (на дрэве)’ (Голуб-Ліер, 493), што дало тубе́ркул ‘бугарок у тканках арганізма, выкліканы туберкулёзнай палачкай’ (ТСБМ). Распаўсюдзілася праз франц. tuberculose (Арол, 4, 112). Пра ўсталяванне тэрміна ў беларускай медыянай тэрміналогіі гл. Шмідт, Узвышша, 1930, 3, 103.

Тубу́н ‘гурт’, тубуно́м ‘гуртам’ (Бяльк.). Да табу́н (гл.) з «гармоніяй» галосных на тэрыторыі дысімілятыўнага акання (Нарысы па бел. дыял., 43).