Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тусава́цца ‘змяняцца па чарзе, чаргавацца’ (Мова Сен.). Гл. тасаваць1.

Тусі́ць ‘гасіць, тушыць (пажар)’ (Нас.). У выніку кантамінацыі дзеясловаў тушыць і гасіць (гл.).

Туск ‘выпат, пот’ (пін., Нар. лекс.), ‘пот, вільгаць’: гарачка, аж туск з его іде (Альп.). Няясна. Найбольш блізкім фармальна і семантычна з’яўляецца серб.-харв. ту̀ска ‘вытапкі, выжаркі’, якое Скок (3, 507) выводзіць з trȕska ‘шлак, нагар’, параўн. таксама рус. бранск. туска́ ‘невялікая, малая колькасць’ (СРНГ). Далёкія семантычна рус. дыял. туск ‘змрок, бяльмо’ < прасл. *tǫskъ (Страхаў, Palaeoslavica, 22, 1, 224), ту́ски ‘вочы’, як здаецца, з’яўляюцца выпадковымі супадзеннямі. Гл. таксама рус. туск ‘туман, цемната’, гл. Фасмер, 4, 126 (з няпэўнай этымалогіяй).

Ту́склы ‘цьмяны, без бляску’ (Ласт.), ‘бледны’ (Вруб.). Параўн. укр. ту́склий ‘цьмяны, мутны; смутны’, рус. ту́склый ‘цьмяны, змрочны; непрыкметны; падслепаваты’. Т. зв. элавая форма да дзеясловаў тускнуць, тускнець (гл.).

Тускне́ць ‘блякнуць, пагасаць, марнець’ (Некр. і Байк.), ‘губляць яркія фарбы, бляск, выразнасць (пра вочы)’ (Адм.), тусьне́ць, тусьні́ць ‘цямнець, траціць бляск’, ту́скнуць, ту́снуць ‘тс’ (Ласт.); ‘няярка гарэць’: Jak dròwa ŭ pièczy tùsknuć, to budzie abo adlèha, abo doždž (Пятк. 2). Параўн. укр. тускні́ти ‘рабіцца цьмяным, змрочным’, рус. тускне́ть, ту́скнуть ‘тс’, серб. натуштити ‘пакрыцца воблакамі’. Магчыма, сюды ж в.-луж. tusknyć ‘стукнуць, пляснуць’, якое Шустар-Шэўц (1561) лічыць заснаваным на гукаперайманні і вытворным ад tuskać ‘стукаць, пляскаць’, параўн. таксама ўкр. ту́сати ‘біць, калаціць’. Мяркулава (Этимология–1976, 96), разглядаючы серб. ту̏ска ‘выжаркі, вытапкі’, узводзіць яго да і.-е. *(s)teu̯‑ ‘біць, калаціць’. Лічыцца роднасным ст.-сакс. thinsti ‘змрочны, хмурны’, ст.-фрыз. thiūstere, англ.-сакс. đīestre ‘тс’, арм. t‘ux ‘чорны, карычневы, цёмны’ (< *tusk‑) (Фасмер, 4, 126; Арол, 4, 121). Гл. таксама туск.

Тускно́та ‘маркота, смутак, сум’ (Байк. і Некр., Адм.). Ранняе запазычанне з польск. tęsknota ‘туга, смутак, журба’, пра што сведчыць замена другаснага насавога на у (Булыка, Выбр. пр., 122) < *tъskn‑ota < *tъsknъ ‘смутны, журботны, тужлівы’, ‘варты жалю, мізэрны’ (гл. папярэдняе слова), што дало натуральным шляхам прыметнік ckny ‘тс’. Ст.-польск. tesknić sobie ‘быць у роспачы, засмучаным’, дзе пазней пад уздзеяннем ‑n‑ галосны гук ‑e‑ стаў насавым гукам > tęsknić (Борысь, 632), магчыма, было крыніцай ст.-бел. тескнети ‘тс’.

Тусме́ць (тусмѣць без тлумачэння, Шымк. Собр.) ‘марнець ад гора, перажыванняў’ (Юрч. Вытв.), тусмі́ць ‘даводзіць да перажыванняў, гора’ (Юрч. СНЛ), тусме́нне ‘марненне’ (Юрч. Вытв.), ту́сменны ‘цьмяны’ (чач., Жыв. НС), параўн. рус. разан., арл., цвяр. тусме́ць ‘цямнець, губляць бляск; змяркацца’, смал., бран. тусмя́ный ‘зямлісты; змрочны, пануры’ (СРНГ). Другаснае ўтварэнне ад туснець? Гл. тускнець.

Тусня́ разм. ‘зборышча людзей па інтарэсах з мэтай абмену думкамі; хаўрус, зносіны, шырокая кампанія’ (Свабода, 2003, 12 лістап.), ‘таўкатня, суталака’: Мы неаддзеленыя ад жыцця, ад вялікай тусьні (Наша Ніва, 2011, 27 лют.); сюды ж тусо́ўка слэнг. ‘сустрэча моладзі з мэтаю баўлення часу’ (Рамза, Бел. гутарк.), ‘група людзей, звязаных агульнымі інтарэсамі, кампанія’ (2004 г.), ‘любыя нефармальныя адносіны’ (1988 г.) (Улас.), тусава́цца ‘збірацца (аб кампаніі)’ (КТС). Калька пранікненняў з рускай мовы (тусо́вка ‘тс’, тусова́ться ‘тс’), якія ўзыходзяць да турэмна-блатнога жаргону: тусова́ть ‘біць, збіваць’, тусова́ться ‘збірацца’, ‘хутка адыходзіць, змывацца’, тусо́вка ‘бойка’, ‘скандал’ і ‘кампанія’, гл. Грачоў-Макіенка, Истор.-этим. сл., 163–166. Першапачаткова ад тасова́ть, тасо́вка (Арол, 4, 121), да семантыкі сучаснага слова параўн. смал. тусова́ть ‘мітусліва, трывожна рухацца’, тусова́ться ‘многа рухацца’ (СРНГ), параўн. тасава́ць, тасува́цца, гл.

Тустэ́п ‘амерыканскі парны бальны танец і музыка да яго’ (ТСБМ, Мова Сен.). Ад англ. two steps ‘два крокі’.

Тусува́ць ‘апрацоўваць гліну рукамі’ (шкл., ЖНС), ‘тасаваць, мяшаць карты перад тым, як раздаваць на рукі для гульні’ (Бяльк.). Да тасаваць1, 2, змененага пад уплывам усходнебеларускай “гармоніі галосных”, параўн. дыял. Мугулёў і пад.