Ту-га́, туга́ ‘вокрык, якім адганяюць ваўка’ (круп., Нар. сл., Шат.): туга́ ваўка! ‘тс’ (мсцісл., З нар. сл.), туга́‑туга́ ‘тс’ (Мова Сен.). Складанае выклічнікавае выслоўе, у якім выклічнік ту 1 (гл.) мае шырокае эмацыянальнае значэнне, параўн. ату́, агату́ (Некр. і Байк.), звычайна з мэтай напалохаць, скіраваць увагу; паводле Германовіча (Междомет., 53), гэта прыслоўе ту 2 ‘тут’. Выклічнік га (гл.) адносіцца да т. зв. першасных інтэр’екцый, вядомых у розных індаеўрапейскіх мовах у якасці адгоннага ці пагоннага слова (Смаль-Стоцкі, Приміт., 26). Параўн. цюга (гл.), рус. дыл. ту́га ‘слова, якім адганяюць кароў’ (СРНГ).
Ту-ту-ту 1 — падзыўныя для гусей (ДАБМ, камент., 896), ‘падзыўныя для курэй’ (Мат. Маг.). Параўн. укр. ту‑ту, тю‑тю — падзыўныя для курэй, куранят, рус. ту‑ту‑ту, тю‑тю‑тю ‘тс’, польск. tiu‑tiu‑tiu ‘тс’, чэш. мар. tu‑tu ‘тс’, tuťа ‘курыца’, славац. ťu‑ťu‑ťu — падзыўныя для курэй. Адносяцца да т. зв. першасных інтэр’екцый, якія служаць для выражэння жадання, волі (Смаль-Стоцкі, Приміт., 115), паходжанне якіх цяжка высветліць; звычайна трактуюцца як анаматапеічныя ўтварэнні (Фасмер, 4, 134; Махэк₂, 662; ЕСУМ, 5, 674).
Ту-ту-ту 2 — выражанае пачуццё палёгкі: Ой, ту‑ту‑ту! Добра, што ўсё так кончылася (чашн., Рэг. сл. Віц.), выражае настойлівасць, просьбу (?): Братавая золвы на ноч просіць, ту‑ту‑ту (Куп. і пятр. песні, 326), ту‑ту — выражае захапленне (?): Ту‑ту! Што ў мяне была за свякровачка (круп., там жа). Відаць, узмоцненыя (падвоеныя ці патроеныя) экспрэсіўныя словы — інтэр’екцыі, гл. ту 1.