Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Туга́ ‘смутак, маркота, журба’, ‘пачуццё нуды’ (ТСБМ, Бяльк., Байк. і Некр., Гарэц., Др.-Падб., Ласт., ТС, Вруб., Булг.; барыс., Шн.), ту́га ‘жаль, клопат, журба’ (Нас., Арх. Федар., Мядзв., Растарг.), сум‑туга́ ‘маркота, роспач’ (Вушац. сл.), ст.-бел. тоуга ‘жаль, крыўда, журба’ (XVII ст., Карскі 2-3, 436). Укр. туга́, рус. туга́, стараж.-рус. туга ‘прыгнечанне; мука; сум, бяда’, польск. tęga (запазычанае з беларускай ці ўкраінскай мовы, або з чэшскай, гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 400), н.-луж. tuža ‘прыгнечанасць, гора, пакуты’, в.-луж. tuha ‘спякота’, ‘прыгнечанасць’, чэш. touha ‘прага, імкненне’, ‘сум’, славац. túha ‘сум’, славен. tóga ‘гультайства’, ‘сум, туга, скруха’, харв. túga, серб. ту́га ‘тс’, макед. тага ‘тс’, балг. старое ту́га ‘мука’, тъга̀ ‘смутак, маркота, журба’, ‘туга’, ст.-слав. тѫга ‘страх, трывога; смутак’, ‘цяжкасці, пакуты, мукі’. Прасл. *tǫga ‘душэўны цяжар, цяжкі настрой’ ад і.-е. *thonghā́ < і.-е. асновы *thengh‑ ‘цягнуць, цягнуць пад гору’, ‘быць цяжкім’ (Сной₂, 769). Паводле ESJSt, 974 — nomen actionis ад кораня *tęg‑ ‘цягнуць’, г. зн. ‘тое, што цягне’; раней — Мяркулава, Этимология–1981, 62. Сувязь з *tǫgъ ‘тугі, цвёрды, нацягнуты’ дапускае Якубовіч (Этимология-2000–2003, 190), гл. тугі. Магчыма, сюды ж серб. дыял. ту́го! — выклічнік для выражэння болю, страху (СДЗб, 52, 399; 57, 940). Вытворныя тужлі́вы ‘поўны тугі’, ‘які выклікае тугу’, тужлі́васць ‘туга, нуда, журба’, тужы́ць ‘сумаваць, нудзіцца, журыцца, гараваць’ (ТСБМ, Ласт., Бяльк., Шат., ТС), а таксама выразы ту́жыкі есці ‘есці памінальны абед’ (Шат.), ту́жыкі спраўляць ‘тужыць’ (Бяльк.).

Тугаль ‘куколь звычайны, Agrostemma githago L.’ (Кіс.). Параўн. гугаль, куколь (гл.), спарадычны пераход ку > ту ў кушэтка > тушэтка, гл.

Ту́гаць ‘гайдаць, вагаць, штурхаць’, ‘насіцца, тупацець’ (ТС). Першае значэнне, магчыма, у выніку перастаноўкі з гу́таць ‘гушкаць’, параўн., аднак, ту́гнуць ‘тупнуць’ (гл.), тугоце́ць ‘ідучы, грукаць абцасамі, падэшвамі абутку’ (Руб.) — выразна гукапераймальнага паходжання.

Тугі́ ‘моцна, да адказу нацягнуты’, ‘шчыльна сплецены, скручаны, звіты’, ‘які шчыльна аблягае, моцна сціскае фігуру, часткі цела’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Ян., Некр.), ‘шчыльны, цвёрды’ (Некр., Сцяшк., Ян., Мат. Гом., ТС), ‘пругкі, які цяжка нацягваецца, сціскаецца’, ‘непадатлівы, скупы на што-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк.), ‘нягнуткі’ (Вруб.), ‘глухі на вуха’ (Нас.), ‘густы (пра кашу)’ (ЛА, 4; докш., Сл. ПЗБ), ‘густа замешаны, цвёрды (пра хлеб)’ (Мат. Гом., ЛА, 4), сюды ж туга́ карова ‘цяжкая для даення’ (З нар. сл.), тугая зіма ‘суровая, цяжкая’: мусі, зязюля, мусі сівая / Тугую зіму чуеш? (навагр., Песні нар. свят.), туга́я глі́на ‘цяжкая для апрацоўкі’ (навагр., валож., свісл., пруж., Нар. словатв.). Укр. туги́й, ту́гий ‘моцна нацягнуты; надуты; моцны; упарты’, рус. туго́й ‘цвёрды, пругкі’, польск. tęgi ‘цвёрды, моцны’, ‘дародны’, кашуб. tąǵi ‘моцны, мажны’, в.-луж. tuhi ‘цвёрды, жорсткі’, чэш. tyhý ‘цвёрды, жорсткі, упарты’, славац. tuhý ‘цвёрды, моцны’, славен. tôg ‘жорсткі, моцны’, ст.-слав. тѫгъ(и) ‘цвёрды, моцны, упарты’. Прасл. *tǫgъ(jь) ‘моцны, упарты’, ‘цвёрды, нягнуткі’ (Фасмер, 4, 114; ЕСУМ, 5, 668; Борысь, 631; Брукнер, 570; Махэк₂, 659; Чарных, 2, 269; Сной₂, 769). Яму адпавядае літ. strangùs ‘пругкі, пруткі’; звязана чаргаваннем галосных з цягнуць, прасл. *tęgti ‘цягнуць, нацягваць’, параўн. Якубовіч, Drogi słów, 170, 181. Сюды ж тужэ́ць ‘станавіцца больш тугім’ (ТСБМ), тугава́ты ‘глухаваты’ (там жа), ‘схільны да запораў’ (смарг., Сл. ПЗБ), тугаву́хі, тугі́й на вуха ‘з дрэнным слыхам’ (Мат. Гом., Жд. 3, Юрч. Фраз.), ту́ганька ‘шчыльна, туга’ (брасл., Сл. ПЗБ), ту́го ‘моцна’: спіце вы туго (Сцяшк.).

Ту́гнуць ‘тупнуць, стукнуць, загрымець’ (ТС), сюды ж, відаць, і тугну́ць ‘спалохаць, спужаць, зняць з пасады’, тугну́ты ‘выгнаны, напалоханы’ (Яўс.), а таксама з экспрэсіўным нарашчэннем тугоне́ць ‘тупацець, грукатаць’ (ТС). Параўн. укр. тугоні́ти ‘ўдараць, стукаць, грукаюць’; паводле ЕСУМ (5, 669) — афектыўнае гукапераймальнае ўтварэнне, роднаснае лексеме стугане́ць, стуго́ніць (гл.), што, магчыма, пацвярджаецца і рус. дыял. ту́га ‘слова, якім адганяюць кароў’ (СРНГ), гл. ту-га.

Туго́шына ‘непраходнае балота ў лесе’ (Яўс.). Няясна; магчыма, мікратапонім мясцовага паходжання. Відаць, роднаснае ст.-цюрк. tuɣ ‘перашкода, завал, запруда’. Параўн. таксама ўкр. (рус. і бел.ЕСУМ, 5, 667) туга́й ‘саланчаковая раўніна’, туга́ї ‘густыя зараснікі на берагах рэчак і азёраў у пустынях і паўпустынях Сярэдняй Азіі’, татар. тугай ‘лука, абалона’, кірг. ‘зараснік маладога кустоўя, змешанага з чаротам і трыснягом у абалонах рэк, на балоцістых мясцінах’.

Тугугу́-тугугу́ — імітацыя гучання пастухоўскай трубы (ТС), параўн. рус. смал. тугу́ ‘тс’. Гукаперайманне.