Куко́ль1 ’травяністая расліна сямейства гваздзіковых, Agrostemma L.’ (ТСБМ, Кіс., Шат., ТС, Сл. паўн.-зах., Мат. Гом., Мал., Яруш., Сцяшк.). Укр. кукіль, рус. куколь, балг. къкъл, серб.-харв. ку́кољ, славен. kókolj, польск. kąkol, чэш. konkol, славац. kúkoľ, в.-луж. kukel, н.-луж. kukel, палаб. kǫchüol. Прасл. kǫkolь адпавядае літ. kañkalas ’званочак’ (літ. kañkalijos), ’званочак (кветка)’ (Бернекер, 539; Махэк, Recherches, 71). Расліна названа так па кветках, якія маюць форму званочкаў. Больш новая этымалогія Махэка (Jména rostl., 77) вельмі ненадзейная (kǫkol‑ < kolkol‑ < *lolkol‑: ням. Lolch ’кукаль’); ст.-в.-ням. lolli запазычана з лац. lolium, а канцавы зычны ўзнік з йота ў с.-в.-ням. lulche, таму сувязі з kǫkolъ няма (параўн. Клюге, 445).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)