Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Туз1 ‘старшая ў сваёй масці ігральная карта’ (ТСБМ, Нас., Пятк. 3, Бяльк., Янк. БП, Вруб.), перан. ‘таўсцяк; багаты чалавек, уплывовая асоба’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк.): наеўся, як туз (рэч., Ліцв.). З польск. tuz, якое з с.-в.-ням. tûs, dûs ‘туз’; мяркуецца, што першапачаткова з ням. Daus ‘двойка’ ў гульні ў косці з двума вочкамі, параўн. ід. tejz, tojz ‘туз’, потым назва перайшла на гульню ў карты < ст.-франц. daus, франц. deux < нар.-лац. duōs ‘два’, ‘двойка’ (Брукнер, 585; Фасмер, 4, 115; Арол, 4, 114; ЕСУМ, 5, 669).

Туз2 ‘вымова, спагнанне з бойкай’ (Нас.): даць туза́ ‘моцна пабіць, адлупцаваць’ (Некр. і Байк.), параўн. укр. туз ‘удар, штуршок’, рус. валаг. туз ‘моцны ўдар’ (СРНГ), польск. tuzy ‘удары’, ‘бойка, лупцоўка’, ‘шышка’, poszedł z nim w tuzy ‘ўзяліся за ілбы’. Дэвербатыў ад ту́заць (гл.), магчыма, другасна набліжаны да папярэдняга слова (‘ход тузом’?). Сюды ж туза́нікі ‘частыя спагнанні’, туза́нка ‘лаянка з бойкай’, туза́ла, туза́н ‘строгі чалавек, які любіць спаганяць’ (Нас.).

Тузава́ць ‘апрацоўваць гліну дротам’ (шкл., ЖНС), ‘утоптваць у гліну (для гаршкоў) каменную муку з жарствы’ (лёзн., ЖНС). Відаць, да наступнага слова.

Ту́заць ‘торгаць, цягаць рыўкамі, рэзкімі рухамі’, ‘біць, калаціць, трэсці’, ‘рваць (пра вецер)’, ‘не даваць спакою, дакучаць патрабаваннямі’, ‘рытмічна торгаць (пра боль)’ (ТСБМ, Гарэц., Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Шат., Яруш., Чач., Др.-Падб., Сержп. Прымхі, Скарбы₂, Сл. Брэс.), ‘мучыць, мардаваць’ (Ласт.), ‘ванітаваць, нудзіць’ (ТСБМ; лаг., Гіл.; пух., навагр., Сл. ПЗБ); ‘выпростваць мокрую аснову пасля апрацоўкі лугам’ (в.-дзв., Шатал.), ту́заты ‘расцягваць (воўну)’ (пін., Сл. Брэс.), ‘торгаць’ (Клім.), ‘торгаць, балець (пра рану, зуб)’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), тузну́ты, тузыну́ты ‘таргануць, тузануць’ (драг, Нар. лекс.), ту́знуць ‘тузануць’ (ТС), тузну́ць ‘тс’ (мёрск., Нар. сл.), тузяну́ць ‘торгаць, асабліва пры бойцы’ (Шат.), ту́зацца ‘рабіць хуткія, рэзкія рухі, рыўкі’, ‘уздрыгваць’, ‘штурхаць адзін аднаго, піхацца, біцца, змагацца’, ‘дужацца’, ‘важдацца з кім-небудзь’ (ТСБМ, Гарэц., Чач., Касп., Байк. і Некр.; ашм., беласт., Сл. ПЗБ), ‘вырывацца’ (Варл.), туза́ць ‘мардаваць, лаяць’ (Нас.), туза́тыся ‘штурхацца’ (кам., ЛА, 2); сюды ж туза́ла, туза́н ‘удзельнік бойкі’ (Байк. і Некр.), ту́занне, тузаніна ‘валтузня, важданне’ (там жа), ‘клопат, неспакой’ (Варл.). Укр. ту́зати, туза́ти ‘штурхаць, біць’, ту́затися, тузи́ти ‘бароцца, спрачацца’, ‘штурхацца’, туса́ти ‘штурхаць, таўчы’, рус. тузи́ть ‘біць кулакамі’, н.-луж. tuskaś ‘штурхаць’, tusnuś, tłusnuś ‘тс’, ‘трэсці’, ‘ціснуць, мяць’, польск. tuzać, tuzować ‘біць’, ‘лаяць’, ‘разбіваць (ворага)’. Дапускаюць паходжанне лексемы з туз1 — ‘біць казырным тузом, хадзіць з козыра’ (Фасмер, 4, 115; Брукнер, 585). Больш імаверна імітатыўнае паходжанне (Арол, 4, 114), параўн. тузгаць, турзаць (гл.), літ. tūzgénti ‘грукаць, лопаць з глухім гулам’. Сюды ж экспр. тузо́къць ‘тузаць’ (мёрск., Нар. сл.), тузь — пра шморганне (мсцісл., Нар. лекс.), тузе́ль ‘цоп’ (Варл.).

Ту́згаць ‘тузаць, цягаць’ (Ласт., Сцяшк. Сл., Стома Сл.; смарг., Сл. ПЗБ), ту́зґыць, тузґы́ць ‘тузаць’ (мёрск., Нар. сл.), тузгану́ць ‘пацягнуць’ (Стома Сл.), ‘рэзка пацягнуць, ірвануць’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), ту́згацца ‘важдацца, намагацца нешта зрабіць’ (Рэг. сл. Віц.). Параўн. рус. валаг. ту́згать ‘біць, калаціць’ (СРНГ), апошняе паводле лінгвагеаграфічнай характарыстыкі пярэчыць меркаванню Саўкі (Запісы, 1999, 23, 57) пра запазычанне слова з літоўскай мовы (параўн. літ. tūzgė́ti ‘ляскаць, шчоўкаць’), што пацвярджае анаматапеічны характар лексемы. Сюды ж тузґані́на ‘тузаніна’ (мёрск., Нар. словатв.), тузганы ‘які тузаецца, торгаецца’ (У. Дубоўка, гл. Каўрус, Словаклад).

Тузе́мец ‘карэнны жыхар якой-небудзь краіны, мясцовасці, абарыген’ (ТСБМ), ст.-бел. туземець: ꙗко…родивыисѧ оу васъ (Скарына, ГСБМ), сюды ж тузе́мскі ‘мясцовы паводле паходжання, прадукцыі’ (Нас.), тузе́мшчына ‘мясцовы выраб’ (там жа). Запазычана з ц.-слав. тъземьць ‘мясцовы жыхар’ (Арол, 4, 114), параўн. укр. тузе́мець, рус. тузе́мец, польск. tuziemiec, чэш. tuzemec ‘тс’. Паводле Праабражэнскага (Труды ИРЯ, 1, 14), Фасмера (4, 115), лексема ўтворана ад ту‑ ‘тут’ і земьць ‘прыродны жыхар’. Не выключана, аднак, утварэнне ад тъ ’гэты’ < прасл. *tъ ‘тс’ і земьць ‘жыхар’ (< *zem‑ьcь ад *zemь ‘зямля’) — ‘жыхар гэтай зямлі’, параўн. аналагічнае рус.-ц.-слав. сеземьць ‘туземец’ (Сразн., 3, 324), стараж.-рус. тоземьць ‘жыхар той зямлі’. Апошняе схіляе да думкі пра першасную форму з *tъ‑, а формы з *tu‑ — вынік народнай этымалогіі (ESJSt, 17, 1004).

Ту́зін ‘дванаццаць аднолькавых прадметаў’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Шпіл., Ласт., Касп., Гарэц., Др.-Падб., Яруш.; смарг., беласт., гродз., Сл. ПЗБ), ту́зін і тузі́на ‘тс’ (Байк. і Некр.); ту́зін ‘нізка рыбы’ (мядз., ЛА, 1), ту́зень ‘нізка грыбоў’ (валож., там жа), ‘бярэма, вязанка’ (Вушац. сл.), ст.-бел. тузинъ, туженъ, тузанъ, тузина, тужина, тузынъ ‘тузін’ (1498 г., ГСБМ). Апошнія запазычаны са ст.-польск. tuzin ‘тс’, якое са ст.-франц. douzaine (Карскі, Белорусы, 137; Булыка, Лекс. запазыч., 155). Борысь (655) пасрэднікам для польск. tuzin бачыць с.-в.-ням. totzen, tutzen ‘тс’, якое са ст.-франц. dozeine ‘дванаццатка’ < douze ‘дванаццаць’ < лац. duodecim ‘тс’, гл. таксама Фасмер, 4, 115. Махэк₂ (659) крыніцай для польск. tuzin вызначае ст.-чэш. tucen, tucet і tusen, якія з ням. Tutzet, Dutzet, пашыраных у XVI–XVII стст. у сувязі з дванаццацярычнай метралогіяй; засцярогі адносна чэшскага пасрэдніцтва для польск. tuzin падае Сяткоўскі (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 402), мяркуючы аб прамым запазычанні с.-в.-ням. totzen. Іншы погляд у Лаўчутэ (Балтизмы, 133): слова ў славянскія мовы прыйшло з літоўскай мовы (літ. tuzìnas ‘тузін’), пярэчанні гл. Анікін, Опыт, 289–290. Сюды ж чо́ртаў ту́зін ‘трынаццаць, нешчаслівы лік’ (ТСБМ, Сержп. Прымхі).

Тузінак, ст.-бел. тузинокъ, тузынокъ ‘гатунак сукна’: сукна тузинку локти пять (1680 г., ГСБМ), параўн. смал. тузинок ‘сукно дрэннай якасці’ (Бел.-рус. ізал.). З польск. tuzinek, tuzynek ‘сукно сярэдняга гатунку’, вытворнага ад tuzin (Брукнер, 585), гл. тузін. Сюды ж ст.-бел. тузинковый: сукна тузинкового локтей пять (ГСБМ) з польск. tuzinkowy ‘зроблены з тузінку’, ‘звычайны, просты, абы-які, дрэнны’, апошняе значэнне, відаць, з-за масавай вытворчасці ці продажу вялікімі партыямі (тузінамі).

Ту́зка ‘строгае спагнанне’ (Нас.). Да туз2 (гл.).

Тузлу́к ‘раствор солі для засолу рыбы, ікры’ (ТСБМ), ‘моцны раствор солі’ (калінк., Арх. ГУ), ‘рыбны расол’ (Сцяшк. Сл.). Запазычана праз укр. ці рус. тузлу́к ‘расол для засолкі рыбы, часцей — ікры’, стараж.-рус. тузлукъ, якія з цюрк. tuzlug (крым.-тат., тат. tuzlug ‘сальніца, расол, падліва’), утворанага пры дапамозе суф. ‑lug ад tuz‑ ‘соль’ (Фасмер, 4, 116; Анікін, 561; Аракін, Тюркизмы вост.-слав., 115–116; ЕСУМ, 5, 670).