Ту́зін ‘дванаццаць аднолькавых прадметаў’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Шпіл., Ласт., Касп., Гарэц., Др.-Падб., Яруш.; смарг., беласт., гродз., Сл. ПЗБ), ту́зін і тузі́на ‘тс’ (Байк. і Некр.); ту́зін ‘нізка рыбы’ (мядз., ЛА, 1), ту́зень ‘нізка грыбоў’ (валож., там жа), ‘бярэма, вязанка’ (Вушац. сл.), ст.-бел. тузинъ, туженъ, тузанъ, тузина, тужина, тузынъ ‘тузін’ (1498 г., ГСБМ). Апошнія запазычаны са ст.-польск. tuzin ‘тс’, якое са ст.-франц. douzaine (Карскі, Белорусы, 137; Булыка, Лекс. запазыч., 155). Борысь (655) пасрэднікам для польск. tuzin бачыць с.-в.-ням. totzen, tutzen ‘тс’, якое са ст.-франц. dozeine ‘дванаццатка’ < douze ‘дванаццаць’ < лац. duodecim ‘тс’, гл. таксама Фасмер, 4, 115. Махэк₂ (659) крыніцай для польск. tuzin вызначае ст.-чэш. tucen, tucet і tusen, якія з ням. Tutzet, Dutzet, пашыраных у XVI–XVII стст. у сувязі з дванаццацярычнай метралогіяй; засцярогі адносна чэшскага пасрэдніцтва для польск. tuzin падае Сяткоўскі (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 402), мяркуючы аб прамым запазычанні с.-в.-ням. totzen. Іншы погляд у Лаўчутэ (Балтизмы, 133): слова ў славянскія мовы прыйшло з літоўскай мовы (літ. tuzìnas ‘тузін’), пярэчанні гл. Анікін, Опыт, 289–290. Сюды ж чо́ртаў ту́зін ‘трынаццаць, нешчаслівы лік’ (ТСБМ, Сержп. Прымхі).