Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тух — выклічнік, што перадае глухі стук, удар, стрэл: се́рца тух, тух, як ня выскачыць (мсцісл., Нар. лекс.). Гукаперайманне. Сюды ж ту́хаць ‘стукаць нагамі пры хадзьбе’ (Варл.), ту́хкаць ‘цяжка, гулка тупаць, бегучы ці ходзячы’ (Нар. Гом., Янк. 3.), тухаце́ць ‘неспакойна біцца (пра сэрца)’ (чэрв., Гіл.).

Ту́халь ‘тухляціна’ (Вушац. сл., Адм.), ту́хлік ‘нешта пратухлае’ (Касп.). Вытворнае ад тухлы (гл.).

Тухвя́к ‘сяннік, матрац’ (Нас., Байк. і Некр.). З рус. тюфя́к ‘тс’, якое, як і цюхля́к ‘тс’ (мазыр., ГЧ), з цюркіх моў, параўн. тат. tüšäk ‘пярына, матрац’, крым.-тат., караімск., чагат. töšäk, тур. düšäk ‘тс’ < цюрк. tösä‑ ‘рассцілаць, масціць’ (Фасмер, 4, 138; Анікін, 578).

Ту́хі — адгоннае слова (для птушак): тухі, верабейкі! (Сержп. Прык.). Відаць, да гукапераймальнага тух (гл.), бо суправаджалася ўзмахамі рук, плясканнем ці стукам. Параўн. рус. дыял. дать ту́ха ‘выгнаць’ (СРНГ).

Тухлё ‘смурод’ (Яруш.), тухло́ ‘тухліна’ (Вушац. сл.). Гл. тхлё, тхло.

Ту́хлы ‘пратухлы, з непрыемным пахам гніення’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сцяшк., ТС, Варл., Вруб., Сл. ПЗБ), тухлы́ ‘які задыхаецца, не можа дыхаць (пра тоўстага чалавека)’ (ТС), сюды ж ту́хлены ‘тухлы’ (Нас., Байк. і Некр.), тухле́ный ‘смярдзючы’ (Бяльк.), тухля́вый ‘крыху смярдзючы’ (Юрч. Вытв.), тухлю́чый ‘тс’ (там жа), тухлі́вы ‘тухлы’ (Мат. Гом.). Параўн. укр. ту́хлый, сту́хлый, рус. ту́хлый, польск. stęchły ‘пратухлы’, в.-луж., н.-луж. stuchły, чэш. stuchlý ‘нясвежы, пратухлы’, славац. stuchlý ‘тс’, харв. tuhljiv ‘вільготны, сыры; вадкі; дажджлівы’, ‘смярдзючы’, славен. tohél ‘затхлы, прытохлы’. Утворана ад асновы прасл. *tux‑, звязанай чаргаваннем галосных з *tъx‑, параўн. ту́хнуць2, тхнуць ‘пратухаць’ (гл.); гл. таксама то́хнуць ‘тс’, параўн. рус. то́хнуть ‘здыхаць (пра рыбу)’; польск. tęchnać ‘пратухаць, псавацца, плеснявець’, як і славен. tohél, што дае падставы выводзіць прасл. *tǫxnǫti (Скок, 3, 520) з асновай *tǫx‑, якую Брукнер (570) і Фасмер (4, 128) разглядаюць як другасную. Сюды ж вытворныя ту́хлік ‘пратухлы, гнілы’ (Касп.), тухля́к ‘што-небудзь гнілое, тухлае’ (мёрск., Нар. сл.), ‘тое, што смярдзіць’ (Юрч. Вытв.), ‘смярдзючы’ (Нас.), тухъль ‘пах тухлага’ (ушац., Жыв. сл.), ту́хлець (túchlić) ‘смурод ад вільготнага, затохлага паветра’ (Варл.), тухлё ‘смурод’ (Бяльк., Яруш.), тухляццё ‘тухляціна’ (Сцяшк. Сл.), ‘тое, што смярдзіць’ (Юрч. СНЛ), тухло́ ‘тс’ (Вушац. сл.), ту́хля ‘тухліна’ (мёрск., Нар. сл., Юрч. Вытв.; мядз., Сл. ПЗБ), ту́хлась ‘гніль’ (рагач., там жа), тухляні́на ‘тухліна’ (Сцяшк. Сл.), тухля́ціна ‘пратухлыя прадукты’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр.), тухлі́на ‘гніласць, смурод ад гніення’ (Нас.), ту́хленне ‘давядзенне да тухласці’ (там жа, Юрч. Вытв.), ту́хлосць ‘пратухласць’ (ТС), ту́халь ‘тленне, гніенне, гніль’ (Байк. і Некр.; Вушац. сл., Адм.), тухле́нне ‘смурод, пах тухляціны’ (Юрч. Вытв.), тухле́ць ‘смярдзець’ (Яруш.), ту́хліць ‘даводзіць да псавання і гніення’ (Нас.), ту́хляць ‘марнець, гібець’ (Зайка Кос.).

Тухля́к1 ‘нешта смярдзючае, гніючае’ (Нас.; мёрск., Нар. лекс.), сюды ж, магчыма, і ‘лямпачка без шкла, капцілка’ (Бяльк.). Да тухлы (гл.), апошняе можа быць звязана і з тухнуць1 ‘пераставаць гарэць, кепска свяціць’.

Тухля́к2 ‘кухталь, штуршок’ (мёрск., Нар. лекс., Вушац. сл.), рус. смал. тухля́к ‘удар кулаком, тумак’. Відаць, з кухталь пад уплывам ту́хаць ‘біць, стукаць’, гл. тух.

Тухля́к3 ‘соня, сонька’ (ваўк., Федар. 4). Да тухнуць2 у значэнні ‘спаць’, сюды ж тухля́ць ‘марнець, гібець, пазбягаць працы, валяцца’ (Зайка Кос.).

Тухля́нка ‘імшарніца, Andromeda polifolia L.’ (маг., Кіс.), ‘трава, смярдзючка’ (Бяльк.). Названа паводле спецыфічнага паху; расце на балотах, гл. імшарніца. Параўн. чэш. bahnítka, bahenka (Махэк, Jména, 177).

Ту́хмалка груб. ‘твар’: даць у тухмалку (мёрск., ЖНС; Рэг. сл. Віц.). Няясна; пачатак слова падобны да рус. смал. ту́хман ‘удар рукой, тумак’, ту́хманка ‘тс’, ярасл. задаць ту́хманку ‘пабіць’, цвяр. дать ту́хменку ‘стукнуць’ (СРНГ), што, магчыма, сведчыць пра другасны характар семантыкі беларускага слова. Відаць, вытворнае ад ту́хаць ‘стукаць, тупаць’ (гл.) праз прамежкавую форму *тухма (тухаць), аналагічна да рус. тукма́нка ‘ўдар кулаком’, якое Фасмер (4, 117) прапануе выводзіць з ту́каць ‘стукаць’, адначасова ставячы пад сумненне мажлівасць кантамінацыі з токмач, тукмач ‘удар кулаком’, ‘калатуша’, што тлумачыць другую частку слова; паводле Анікіна (561), хутчэй кантамінацыя з тумак ‘удар кулаком’. Параўн. тухляк1 ‘штурхаль, штуршок’, гл.

Ту́хнуць1 ‘пераставаць гарэць, свяціць’, ‘гаснуць’ (Некр. і Байк.; в.-дзв., Сл. ПЗБ, ТС, Варл.): его зорка тухне (Сержп. Прымхі), ‘слабець, памяншацца’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Некр.), ‘спадаць (пра пухліну)’, ‘змяншацца’ (беласт., Сл. ПЗБ), ту́хнуті ‘гаснуць’ (Вруб.). Параўн. укр. ту́хнути ‘гаснуць’, ‘спадаць (пра пухліну)’, рус. ту́хнуть ‘гаснуць’, стараж.-рус. потухнути ‘патонуць’, ‘сціхнуць’; ц.-слав. потухнѫти ‘спадаць (пра пухліну)’; польск. tęchnąć ‘тс’, чэш. tuchnouti ‘гаснуць’, ‘губляцца, знікаць’, мар.-славац. duchnúť ‘гаснуць’. Прасл. *tuxnǫti, другаснае *tǫxnǫti ‘спадаць, змяншацца’ знаходзіцца ў сувязі з каўзатывам прасл. *tušiti ‘сцішыць, супакоіць, прыглушыць, прыгасіць’ (гл. тушы́ць) (Борысь, 630; Сной₂, 790); параўноўваюць з роднаснымі формамі літ. tausýtis ‘сціхаць (аб ветры)’, прус. tusnan ‘спакойны’, ст.-ірл. ‘ціхі, маўклівы’ (< *tauso‑), ст.-інд. tōṣáyati ‘заспакойваецца’, авест. tušňa‑, tušni‑ ‘ціхі’ (Фасмер, 4, 128; Махэк₂, 660; Скок, 3, 528; Трубачоў, Этимология–1965, 61; ЕСУМ, 5, 687).

Ту́хнуць2 ‘загніваць і непрыемна пахнуць’ (ТСБМ, Касп.), ‘тхнуць, гніць’ (Некр. і Байк.), ‘смярдзець, псавацца’ (Яруш., Гарэц.), ‘выдаваць смурод (ялавічына, рыба і інш.)’ (Нас., Бяльк.), ту́хнуці ‘тс’ (беласт., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. ту́хнути ‘псавацца, рабіцца нясвежым’, рус. ту́хнуть ‘псавацца, пратухаць’, польск. tęchnąć ‘тс’, чэш. tuchnouti ‘тс’, славац. tuchnúť ‘тс’, в.-луж. tychnuć ‘пратухаць’, харв. tuhnuti ‘смярдзець, пахнуць гніллю’, серб. тукнути ‘тс’, славен. túhniti, tóhniti ‘смярдзець’. Разглядаецца як вытворнае ад папярэдняга слова з развіццём значэння ‘гаснуць, слабець, спадаць’ > ‘псавацца з-за адсутнасці праветрывання, плеснявець, смярдзець’ (Янышкава, Prasl. dijalektizacija, 117, гл. таксама Борысь, 631, інакш — Махэк₂, 660, які бачыў у гэтых формах незалежныя амонімы). Меркаванне аб розным паходжанні тухнуць1 і тухнуць2 прапануецца ў Фасмер, 4, 128; Арол, 4, 122; процілеглыя думкі пра паходжанне слоў у Бязлай (4, 244) дэманструюць Сной: прасл. *tъxnǫti ‘згаснуць’ > ‘набыць слабы пах’ з другасна назалізаваным *tǫxnoti, і Фурлан: прасл. *tuchъ ‘смурод, задуха’ звязвае з прасл. *tukati ‘таўчы, біць’, што параўноўваецца са славен. udárati ‘смярдзець, пахнуць чым-небудзь’; да апошняга гл. тухляк у розных значэннях.

Ту́хнуць3 ‘спаць (гаворыцца з пагардай)’ (Нас., Рэг. сл. Віц.), ‘доўга спаць’ (Васільковая сп., Мат. Гом., Мат. Маг.), ‘спаць беспрабудна’ (Варл., Некр.), сюды ж то́хнуць ‘спаць, задаючы храпака’ (Нас.), тухля́ць ‘доўга спаць’ (Сцяшк. Сл.), ту́хляць ‘ляжаць, пазбягаць працы, валяцца’ (Зайка Кос.), тухля́к (tuchlák) ‘соня, сонька’ (ваўк., Федар. 4). Параўн. рус. смал., пск. ту́хнуць ‘спаць’. Відавочна, рэгіянальны экспрэсіўны наватвор на базе тухнуць1 ‘супакойвацца’, таго ж паходжання рус. смал. вы́тухнуться ‘выспацца’ (Анікін, РЭС, 9, 205). На экспрэсіўны характар слова паўплывала таксама тухнуць2 і тухлы (гл.), параўн. укр. аргат. пу́хнути ‘спаць’ (Горбач, Арго школярів).