Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тук1 ‘растоплены тлушч’ (Гарэц., Некр. і Байк., Варл., Шат., Касп., Жд. 1, 3, Бір.; бялын., Янк. Мат.; петрык., лун., Шатал.; мсцісл., драг., З нар. сл., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), ‘ператопленае авечае сала’ (Сцяшк.), ‘рыбін тлушч’ (Ласт.), ‘сыць; пажыўная якасць харчовага прадукта, але не тлушч’ (Некр. і Байк., Нік., Оч.), ‘плодная сіла зямлі’: колы й сахары … не можна чысціць або мыць, бо ат гною не будзе ў зямлі туку (Сержп. Прымхі), то̂к ‘растоплены тлушч’ (маз., ГЧ), ст.-бел. тукъ ‘тс’ (ГСБМ): тукъ земли ‘зямное багацце’ (Скарына, ГСБМ). Укр. тук, рус. тук, стараж.-рус. тукъ ‘тлушч, сала’, ц.-слав. тукъ ‘сала, цвёрды тлушч’; польск., н.-, в.-луж. tuk ‘тлушч’, польск. паўн.-зах., каш. tuk ‘касцявы мозг’, чэш., славац. tuk, харв. чак. ту̏к, ту̂к ‘тлушч’, балг. тук ‘сала, тлушч, навар’, макед. тук ‘растоплены свіны тлушч’, ‘сок з печанага мяса’, ‘кружкі тлушчу на паверхні варыва’, ст.-слав. тоукъ ‘тлушч’, ‘тлустасць, плоднасць, сакавітасць’. Прасл. *tukъ ‘жывёльны тлушч’ — суфіксальны дэрыват з чаргаваннем галосных ад *tyti (гл. тыць), роднасныя: літ. táukas ‘кавалак сала’, ‘жывот’, taukaĩ ‘тлушч, сала’ < tùkti ‘таўсцець’, лат. tàuks ‘тлусты’, ст.-прус. taukis ‘сала’ < і.-е. *touk‑o‑s; ст.-англ. þīoh, þēoh, ст.-в.-ням. diech ‘тук’ < þeuhos < і.-е. *teukos — узыходзяць да і.-е. асновы *tū‑ ‘набрыняць’, ‘разбухаць, набухаць’ (Фасмер, 4, 116; Махэк₂, 660; Брукнер, 683; Скок, 3, 475; Борысь, 652–653; Буга, Rinkt., 2, 633; Каруліс, 2, 378; ESJSt, 17, 997; ЕСУМ, 5, 670). Сюды ж з абнаўленнем семантыкі суч. тук ‘мінеральнае ўгнаенне’ (ТСБМ).

Тук2 ‘дух’: од старого й тук неважны йдзе (ТС). Няясна; магчыма, да папярэдняга слова, якое набліжана да туск ‘пот, выпарэнне’. Параўн., аднак, серб. ту̏кнути ‘прыпахваць дрэнным пахам, смярдзець’, што, напэўна, адлюстроўвае варыянтнасць х/к у параўнанні з ту̏хнути ‘пратухаць, псавацца’; у беларускай мове, відаць, падобнае чаргаванне назіраецца пад уплывам балцкага субстрату, што дазваляе звязаць слова з тухлы, гл.

Тук3 — пра ціхі стук (мсцісл., Нар. лекс.). Як і стук (гл. стукаць) — гукапераймальнага паходжання, палаталізаваны варыянт цюк (гл.), параўн. чэш. ťuk, ťuky ‘стук-стук’. Аналагічна літ. táukšt ‘стук, грук’. Сюды таго ж паходжання дзеяслоў ту́каць ‘кляпаць касу’ (Касп.), ‘стукаць’ (Сцяшк.), ‘біцца (пра сэрца), стукаць, удараць’ (Гарэц., Др.-Падб., Сцяшк.), параўн. серб. дыял. ту̏кнути ‘паціху стукнуць’ (Фасмер, 4, 116; Махэк₂, 660; ЕСУМ, 5, 671), а таксама аддзеяслоўны назоўнік інтэнсіўнага дзеяння ту́кат ‘тупат’ (Адм., Сцяшк.), параўн. чэш. ťukot ‘стук, грук’ (Махэк₂, 660), і вытворны дзеяслоў тукаце́ць ‘стукаць’ (Зайка Кос.).

Ту́кала ‘глухі’ (Нас., Байк. і Некр.). Відаць, у выніку семантычнага пераносу з ту́кала ‘неслух, які нічога не робіць без лаянкі на яго’ (Нас.). Да ту́каць (гл.).

Ту́каўка ‘удод, Upupa epops L.’ (Некр. і Байк., Касп.). Да ту́каць ‘крычаць, палохаць крыкам’ (гл.); названа паводле крыку птушкі, які ўспрымаўся па-рознаму, параўн. то‑то‑то — перадача гукаў спеву ўдода (Мова Сен.).

Ту́каць ‘крычаць на каго-небудзь, тупаючы нагамі’, ‘нападаць пастаянна на каго-небудзь’ (Нас., Некр. і Байк., Шат., Мат. Гом.), ‘гаварыць, заклікаць’ (Ян.), ‘заганяць (жывёлу), крычаць’, ‘падаўляць, прыніжаць’ (Вушац. сл.), ту́каць‑гу́каць ‘лаяць, пакрыкваць, нападаць’ (паст., Сл. ПЗБ), ту́каць‑лю́каць ‘тс’ (лаг., Гіл.), ту́кыць ‘крычаць, пагражаць’ (Яўс.; мёрск., Нар. сл.), ‘грозна пакрыкваць’ (Юрч. СНЛ), ‘крычаць, палохаць крыкам’ (Мядзв.), тукава́ць ‘напамінаць’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. рус. бранск., смал. ту́кать ‘крычаць, лаяцца’: все на ее тукают; хозяин тукал на собаку (СРНГ), серб. цімак. ту́кати ‘цкаваць, нацкоўваць’: немој да тукаш куче (СДЗб, 57, 941). Гукапераймальнае ўтварэнне на аснове выклічніка ту! (гл. ту1) для адпалохвання, запалохвання: усе дзеці як дзеці, а на цябе тукай, як на ваўка (Рэг. сл. Віц.), параўн. фразеалагізмы: на пень брахаць, на калоду тукаць ‘гаварыць недарэчнае, неразумнае, непрыстойнае’ (Даніл. Сл.), зверьху сукны, а пад нізом — хоць тукні (ветк. “на від красівы і харошы, а будзя звер-звярюга”; Palaeoslavica, 31, 168), а таксама фалькл. ту́каўшчына ‘даніна мёдам царкве за дазвол тукнуць (крыкнуць ту!) у божым храме’ (т. зв. смехаўё, запісанае Раманавым у пач. XX ст., гл. Фядосік, Рэгіян. асабл., 1973, 113). Сюды ж ту́кыньня ‘грознае пакрыкванне’ (Яўс., Юрч. СНЛ), ту́канне ‘пастаянныя нападкі’ (Нас.), ту́кнуць ‘крыкнуць, каб напалохаць’ (Яўс.), ту́кала ‘які назаляе частай лаянкай’ (Нас.), ту́кыннік ‘той, хто пакрыквае’ (Юрч. СНЛ). Гл. таксама гукапераймальныя гукаць, люкаць.

Ту́ко ‘толькі’ (Сцяшк.). Дэфармаванае ту́лько, ты́лько ‘тс’, параўн. тыкі, тыко, гл.

Ту́кшына (ту́кшъна) ‘кухталь’ (кліч., Жыв. сл.). Магчыма, балтызм, параўн. літ. tuksẽnimas ‘стук’, tuksénti, tuksnóti ‘стукаць, тукаць’, ‘біцца’. Параўн. аналагічна рус. дыял. тукма́чить ‘біць, калаціць’, тукма́нка ‘ўдар кулаком’, якое Праабражэнскі (Труды, 1, 15) супастаўляе з ту́кать (гл. тук3).