Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тул1 ‘задняя частка ў процілегласць пярэдняй, у тым ліку патыліца, спіна, азадак’ (Нас., Гарэц. 1, Яруш., Некр. і Байк., Бяльк., Байк. і Некр.); сюды ж ту́лом ‘задам, схіліўшы галаву’ (Нас.). Параўн. рус. фалькл. тул ‘тулава [?]’, смал., валаг. ту́ло ‘тс’ (СРНГ). У сувязі з арэальнай і функцыянальнай абмежаванасцю беларускай формы (першапачаткова фіксуецца ва ўсходняй Магілёўшчыне, пазней са слоўніка Насовіча трапіла ў слоўнікі літаратурнай мовы) з’яўляецца мясцовым варыянтам асноўвай формы тыл (гл.), паралельна з якой ужываецца на адзначанай тэрыторыі. Аб мене ы > у ў гаворках з дысімілятыўным аканнем гл. Нарысы дыял., 53; Крывіцкі, Дыялекталогія, 182. Па меркаванні Куркінай (Этимология–1982, 23), у асобных выпадках можна дапусціць уплыў асновы тулава (гл.). Звяртае на сябе ўвагу славянскае запазычанне ў беларускім ідышы tul ‘тулава, туша’ (Астравух, Ідыш-бел. сл., 807). Фурлан (Jez. zap., 11, 1, 115–124) разглядае як праславянскі анатамічны тэрмін *tȕlъ (далучаючы сюды рэз’ян. túlac ‘патыліца’), утвораны ад прыметніка *tȕlъ ‘тоўсты, тлусты’, што звязана з тыл, тыць (Фасмер, 4, 131). Прапанаваная Фурлан (там жа) далейшая сувязь з *tulъ вытворнага тэрміна харв. zȃtuljak ‘патыліца’ (*zatűlъkъ) з беларускім геаграфічным тэрмінам зату́лак ‘зацішнае месца, куды сонца рэдка заглядвае’ (Нас., ад затуля́ць, (гл. туліць) здаецца штучнай (“закрыта” пярэдняй часткай галавы?).

Тул2, ст.-бел. тулъ ‘калчан, чахол для стрэл’ (XVI ст., ГСБМ, Скарына, Альтбаўэр, ПГС, Ст.-бел. лексікон), ту́ля ‘похва для стрэл’ (Ласт.). Захавалася як архаізм стараж.-рус. тулъ (тоулъ), ст.-рус. тулъ, у XVIII ст. — туло ‘тс’, ст.-рус. маск. тулъ ‘похва для лука’. Найбольш працяглы час словы тул, ту́ло і вытворныя ад іх ужываліся ў стараўкраінскай мове і ўкраінскай мове пачатку XIX ст.: тульник ‘той, хто вырабляе калчаны’, ‘які носіць калчаны і стрэлы’, тульникі́вна ‘дачка тульніка’, тульниче́нко ‘сын тульніка’, тульничка ‘жонка тульніка’ (гл. ЕСУМ, 5, 671; Адзінцоў, Этимология–1973, 98–101). Польск. tuł, tół, tula, tuleja ‘калчан’ (Варш. сл.), ст.-польск. tuł (да XVII ст.) ‘тс’, чэш. toul, toulec, ст.-чэш. túl ‘калчан’, славац. tulec, славен. tul̑, tul̑ec, tul̑ičeh ‘тс’, ст.-харв. tul̑, харв. tuljac, серб. ту̑л, ту́лац, балг. тул ‘тс’, радоп. ‘скрынка з кары’, макед. тул ‘скураная похва для стрэл’, ст.-слав. тоулъ ‘тс’. Прасл. *tulъ ‘калчан, похва, чахол, футарал’ развілося з і.-е. *tu̯ah₃‑ul‑o, параўн. ст.-інд. tūn̥a‑, tūn̥í, tū́n̥iras ‘тс’ (Фасмер, 4, 117), інд. tūn̥ava ‘дуда’, ст.-грэч. σωλήν ‘труба, жолаб, канал’ (Сной₂, 791). Захаваныя вытворныя ў народных мовах, параўн. туле́йка (гл.), рус. вту́лка ‘трубка, затычка’, балг. дыял.туле́шник ‘жалезная скрынка на свечкі’, ту́ли́ще ‘кошык на арэхі’, макед. охрыд. тулина ‘жывот’ і інш., схіляюць да версіі пра першаснае значэнне ‘покрыва, накрыўка, схоў’ і сувязь з туліць ‘утойваць, хаваць’ (гл.). Агляд і абгрунтаванне версій у ESJSt, 17, 997; Куркіна, Этимология–1982, 21–23; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 400; Анікін, РЭС, 9, 95.

Ту́лаб (ту́лоб), то́луб, ту́луб ‘тулава чалавека’ (Дразд., ТС), ту́луб ‘цела мерцвяка без вантробаў’ (драг., З нар. сл.), ‘туша’ (Пятк. 3), ту́лоб ‘аснова лапця’, ‘аснова жака (венцера)’ (ТС), тулу́б ‘корпус жака’ (ПСл), ту́лап ‘тулава’ (Кал.), тулу́бішча ‘тс’ (асіп., Буз.), та́луб ‘вонкавая частка чаго-н.’: з гарбуза адзін талуб застаўся (Зайка Кос.), тулу́п ‘асноўная частка кашулі, без рукавоў’ (Лекс. Бел. Палесся), ту́луб ‘кажух’ (зах.-палес., ЛА, 4), ст.-бел. тулобъ ‘фігура, выява, балван’: тꙋлобъ его былъ з дерева мистерны​s рѣзаны​s (ГСБМ). Укр. ту́луб ‘цела чалавека або жывёлы’, а таксама ‘ствол, дрэва’; рус. дыял. тулубить ‘рашэціць сцены будынка дранкай і абмазваць іх глінай’; польск. tułub, tułup ‘тулава, корпус’, ‘цела чалавека без галавы і канечнасцей’ (запазычаны з усх.-слав. моў). Лексема, хутчэй за ўсё, паходзіць з прасл. *tulo/*tulъ ‘тулава, корпус’, параўн. стараж.-рус. туло ‘тс’, ст.-харв. (XVIII ст.) tulo ‘цела, тулава чалавека ці жывёлы’, чак. tûl, tulo ‘тс’, якое з першаснага *tou̯‑lo і ўзыходзіць да і.-е. асновы *teu̯(ə)‑/*tēu̯‑/*tū‑ ‘набрыняць, пухнуць’ (Покарны, 1, 1080; Борысь, 654). Гараеў (379) суадносіць лексему з тыл, гл. Праблему складае рэдкая суфіксацыя, параўн. кузуб і кузаў (гл.), што, згодна з Сабалеўскім (Лекцыі, 120) і Фасмерам (4, 118), дазваляе генетычна звязаць тулуб і тулаў, гл. наступнае слова.

Ту́лава, ту́лува, ту́лаў ‘цела чалавека або жывёліны без галавы і канечнасцей’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Гарэц., Бяльк., Шат., Касп., Сл. ПЗБ), ту́лавішча (туловище) ‘тс’ (Сержп. Грам.), туло́вішче ‘тс’ (Вруб.), памянш. ту́лаўца ‘тс’ (Нар. Гом.). Адпаведна ту́лава (стараж.-рус. тулово) і ту́лаў (якое, відаць, з польск. tułów ‘тс’) з’яўляюцца субстантывізаванымі формамі прыметніка *tulovъ м. р., *tulovo н. р. (Борысь, 654). Вытворнае ту́лавішча ‘тулава’ (Брасл. сл.; Сл. ПЗБ), хутчэй за ўсё, пад уплывам рус. ту́ловище ‘тс’; адаптаванае туло́вішче ‘тс’ (Вруб.) — праз укр. туло́віще ‘тс’?

Ту́лак ‘тулава’ (петрык., Мат. Гом.). Да ту́лаў, гл. ту́лава, аформленае прадуктыўным суфіксам.

Ту́лап ‘кажух з роўнай спіной, без таліі’ (Шат., Сл. ПЗБ), тула́п ‘доўгі кажух’ (Сцяшк. Сл.), тулу́б ‘тс’ (Бес.), ту́лоб, ту́луб ‘вялікі доўгі кажух’ (ТС, зах.-палес., ЛА, 4), тулубо́к ‘кажушок’ (ТС), тулубе́ц ‘кароткая вопратка з аўчыны’ (Лекс. Бел. Палесся), ту́луб, ту́луп ‘доўгая вопратка з аўчыны’ (там жа), тулу́п ‘выпатрашаны труп жывёлы без унутранасцей’ (Кліх), ‘шкура (жабы)’ (там жа), тулу́пам ‘цалкам’: скура здымаецца з вангора цэлым тулупам (іўеў., Сл. ПЗБ), тулу́п ‘кажух’ (усх.-бел., ЛА, 4) ‘верхняя зімняя доўгая мужчынская вопратка з аўчын’ (Сцяшк., ПСл), тулу́пчык ‘кажушок’ (слонім., Шн. 3). Выглядае на тое, што лексема запазычана (для шэрагу форм, магчыма, праз пасрэдніцтва ід. tulep) з рус. тулу́п ‘кажух без таліі, які аблягае, як халат, усё цела, увесь стан’, якое, у сваю чаргу, запазычана з цюркскіх моў, параўн. крым.-тат., алт., казах. tulup ‘суцэльны скураны мех без швоў, зняты з адной жывёліны’, казах. тулып ‘чучала’, ‘шкура здохлага цяляці, набітая сенам (ставяць перад каровай, якую дояць)’, чагат. тулб ‘скураны мяшок’ (Міклашыч, 365; Фасмер, 4, 118; Анікін, 563–564). Дапускаецца збліжэнне з ту́лаб ‘тулава’ (кажух засцерагае стан, тулава чалавека) альбо магчымасць генетычнай сувязі з тул2, тулі́ць (ЕСУМ, 5, 673; Чарных, 2, 270; Куркіна, Этимология–1982, 21–24; Трубачоў, Этимология–1991–1993, 10–11). Гл. таксама тулуп.

Тула́ч ‘бягляк, уцякач, які хаваецца’ (Нас.), ‘выгнаннік, бадзяга’ (смарг., Сл. рэг. лекс.), ст.-бел. тулачъ ‘туляга, бадзяга’ (ГСБМ). З польск. tułacz ‘тс’, сінанімічнага да tułakчэш., Басай-Сяткоўскі, Słownik, 401), якое з tułać się ‘бадзяцца, блукаць; вандраваць’, што да старой асновы tuł‑ ‘усоўваць, улазіць’ (Брукнер, 584). Паводле Махэка₂ (648), названы дзеяслоў разам з чэш. toulati se, славац. túlať sa ўзнік шляхам метатэзы пачатковых складоў з lutati ‘тс’, якое захавалася ў харв. lútati, серб. лу́тати, макед. лута, балг. лу́там се ‘тс’ < прасл. *lou‑tā‑ti > *lutati; першасны дзеяслоў можна звязаць са ст.-грэч. άλύω (з α‑пратэтычным) ‘бадзяюся’ (у Гамера), што наогул цяжка давесці. Лічыцца, што асновы на цвёрды і мяккі зычны маюць адно паходжанне (Борысь, 653). Параўн. туляч, туляць, гл.

Туле́йкі ‘лыка для пляцення лапцяў’ (Растарг.). Параўн. укр. туле́йка ‘дэталь у возе (колца, што злучае вось з насадам)’ (Нікан., Трансп.), тулі́йки ‘дробнае пер’е ў курэй, якое цяжка выскубаць’; тулі́йка ‘ніжняя частка рога’; рус. туле́йка ‘верхняя частка лапаты, куды ўстаўляецца чаранок’, ‘унутраная частка шапкі’ (СРНГ), польск. tulejka, tuleja ‘трубка’, ‘лейка’, чэш. tulejka, tulajka ‘трубчатая частка прылады для ўстаўкі чаранка’, славац. tuľajka ‘абойма, насадка’, серб. ту́лајка ‘трубачка’, ‘жалезны абруч, які злучае часткі возу’, балг. туле́йка ‘частка сякеры, куды ўстаўляецца тапарышча’. Вытворнае ад прасл. *tulěja/*tulьja ‘трубка’, якое генетычна звязваецца з прасл. *tulъ ‘калчан’, *tuliti ‘гнуць, прыціскаць’, гл. тул2, туліць. У канкрэтным выпадку гутарка ідзе пра скрутак лыку ў выглядзе трубкі, параўн. в.-луж. tulawa ‘дудачка з вярбы’, славен. tuljáva ‘катушка, шпулька, цэўка’, ‘кароткая трубка’ і інш. (Махэк₂, 648; Борысь, 653; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 401; Скок, 3, 520–521; Шустар-Шэўц, 1557; Бязлай, 4, 246; ЕСУМ, 5, 672).

Ту́лес ‘птушка кулік, Sguatarola sguatarola L.’ (ТЗб. ”85-”86). Назва гукапераймальнага паходжання: птушка выдае працяжнае тужлівае туу‑лі (Дарафееў, Птушкі, 82).

Ту́лечкі ‘толькі што’ (Мат. Гом.). Складанае ўтварэнне: т‑аснова ўказальнага займенніка прасл. *t‑ъ; ‑u— няяснага паходжання (Махэк₂, 659); ‑ле‑ — узмацняльная часціца, параўн. лат. nu‑le ‘толькі што’, другая частка якога з *lĕ — у літоўскай мове яна вядома ў форме nu‑li ‘(менавіта) зараз’ (ESSJ SG, 2, 405); ч‑кі — ласкальна-памяншальны суфікс, як у тута‑чкі.

Ту́лі ‘гардзіны з прыгожай парусінавай тканіны’ (Сцяц.; баран., Сл. Брэс.), ‘карункі (у маладой на галаве)’ (Федар., 6, Сцяшк. Сл.); туль ‘вэлюм маладой’ (петрык., Шатал.), ‘цюль’ (Касп.; капыл., Жыв. сл.). Запазычана праз польск. дыял. tul ‘цюль’, параўн. чэш., славац. tyl, паўд.-чэш. tul ‘тс’, якое з франц. tulle — ад назвы горада ў Францыі Tulle, дзе вырабляліся баваўняныя або шаўковыя лёгкія ажурныя тканіны (SWO, 1980, 762; Махэк₂, 664). Сюды ж тулёўка ‘хустка, абшытая карункамі’ (капыл., Сл. ПЗБ). Гл. туль, цюль.