Тума́к 1 ‘удар па патыліцы’ (Нас., Шат., Байк. і Некр.; брагін., Нар. словатв.), ‘моцны ўдар’ (в.-дзв., хойн., Шатал.), ‘удар кулаком’ (зах.-пал., Бел. дыял. 3, Растарг.), ‘кухталь’ (Некр. і Байк., Яўс., Юрч. Фраз. 2, Мат. Гом.), тума́ка ‘тс’: даў яму тумаку (Бел. літ. XIX ст.), тумакі́ ‘штуршкі, кухталі ў спіну ці ў бокі’ (Мядзв.). Укр. тума́к ‘штуршок, кухталь’, рус. тума́к ‘удар, штуршок кулаком’. Слова няяснага паходжання, асабліва з улікам тумак 2 і тумак 3. Фасмер (4, 119) не прымае прапанаваную Патабнём (РФВ, 4, 213) і Гараевым (380) версію пра сувязь з літ. stùmti (з s‑mobile) ‘штурхаць, біць, рухаць, замыкаць на засаўку’, а таксама з марыйск. tumak ‘дубіна’ (Маркаў, РФВ, 73, 102). Сувязь з укр. товкмачити ‘біць, калаціць, трэсці’ (ЕСУМ, 5, 674), а таксама з рус. токма́чить ‘біць, таўчы’ выглядае больш прывабнай (гл. такмачы). На базе фразеалагізма рус. дать по шапке ‘пабіць’ Арол (4, 116) збліжае з тат. tumag ‘шапка’.
Тума́к 2 ‘дурань, недалёкі чалавек’ (Юрч. Фраз. 2), ‘някемлівы чалавек’ (Мат. Гом.), ‘дурань, цёмны неадукаваны чалавек’ (Яўс., ТС), ‘тупы, неразвіты чалавек’ (беласт., Сл. ПЗБ), ‘дурань, тупіца’ (Рэг. сл. Віц.), ‘недарэка’ (Руб.), ‘тупы, абмежаваны чалавек’ (Юрч. Вытв.), тумачо́к, тумачо́чак ‘дурань, недалёкі чалавек’ (Юрч. СНЛ). Параўноўваюць з рус. разан. тумата́ ‘слепата, цемната’ і далей праз апошняе значэнне да ‘неразвітасць, неадукаванасць, дурасць’, што не выключае сувязі з марыйск. тума́к ‘дубіна’ (Жураўлёў, Язык и миф, 120). Грунтуючыся на рэканструкцыі рус. дыял. тума́ ‘лухта, глупства, дзіва’ (Даль), укр. тума́ ‘хмуры, маўклівы чалавек’, як *top‑ma ‘тупы розум, тупы чалавек’ < *topiti ‘рабіць тупым’, Ліўканен (Отглаг. сущ., 169) мяркуе пра зыходнае значэнне ‘тупы розум’. Сюды ж таксама славен. túmpast ‘тупы, недалёкі’ (Сной₂, 791), якое выводзіцца са славен. tȍp < прасл. *tǫ̑pъ ‘тупы, неразумны, абмежаваны’.
Тума́к 3 ‘помесь зайца-беляка з зайцам-русаком’ (ТСБМ), ‘фарбаванае футра зайца’ (там жа), ‘звярок, пушыстую шкуру якога вырабляюць на каўняры’ (Нас.). Укр., рус. тума́ ‘метыс, напаўрускі-напаўтатарын, паўукраінец-паўтурак’, укр. тума́ ‘жывёла змешанай пароды’, тум ‘свойская жывёла палепшанай пароды’, тума́к ‘помесь беляка і русака’, ‘фарбаванае футра зайца’, ‘куніца лясная, Martes martes L.’, рус. тумак ‘метыс’, ‘падфарбаванае футра зайца’, ‘сібірскі тхор’, польск. tumak ‘куніца’, tumaki ‘футра з куніцы’ (запазычаны праз рус. мову). Запазычанне з цюркскіх моў, параўн. тат. тӯма ‘прыплод’, ‘нашчадак’, канцавое ‑к мяркуецца з цюрк. tuma‑g у якасці памяншальнага суфікса, гл. Анікім 565; іншыя меркаванні ў Фасмер, 4, 119; ЕСУМ, 5, 674; Шыпава, Сл. тюрк., 333–334; Дабрадомаў, Этимология–1970, 103–115.