Табурэ́т, табурэ́тка ’род мэблі для сядзення, столак’ (ТСБМ, Касп., Янк. 1, Сл. ПЗБ), сюды ж формы з фанетычнымі ваганнямі рознага кшталту (асіміляцыя, субстытуцыя галосных кораня і г. д.): табарэ́тка (Скарбы, Сл. Брэс., Жд. 2), табарэ́зік, тубарэ́тка (Сл. Брэс.), табарэ́чык ’тс’ (Жд. 3), табарэ́тачка ’маленькі столак’ (Сцяшк.). Хутчэй за ўсё, праз польск. taboret з франц. tabouret, якое да сярэдзіны XVI ст. ужывалася ў першасным значэнні ’круглая падушачка для іголак’ і з’яўлялася памянш. формай ад tabour (< tambour) ’барабан’. Пазнейшае значэнне франц. tabouret ’табурэт’ з’явілася на падставе круглай формы мяккага сядзення, у польскай мове дагэтуль абазначае столак менавіта з круглым сядзеннем. З французскай ням. Taburett ’табурэт’, якое лічыцца непасрэднай крыніцай запазычання для рускай мовы (Фасмер, 4, 7; Чарных, 2, 224), а таксама і для часткі беларускіх слоў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)